BE RU EN

Міліцыя датычная да абстрэлу «Мэрседэса» на Бангалор?

  • 5.06.2014, 10:45

Відавочцы сцвярджаюць, што адзін чалавек загінуў.

Дзіўнае здарэнне адбылося ў ноч на 5 чэрвеня на плошчы Бангалор у Менску. Шэраг інтэрнэт-СМІ сёння распаўсюдзілі інфармацыю пра расстрэл аўтамабіля «Мэрсэдэс» на Бангалор і труп побач з ім. Праваахоўнікі яе абвяргаюць і заяўляюць пра затрыманне банды наркагандляроў, якое нібыта абышлося без ахвяр.

Як паведаміла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова, «ніякага забойства на плошчы Бангалор не было».

Прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі адзначыў БелТА, што «стральбы ноччу ў Менску не было, звычайнае затрыманне наркагандляра».

«Падчас спецыяльнай міліцэйскай аперацыі, праведзенай аператыўнікамі аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Фрунзенскага РУУС сталіцы сумесна з байцамі спецпадраздзялення МУС Беларусі «Алмаз», ноччу на плошчы Бангалор у Менску па падазрэнні ў незаконным абароце наркотыкаў былі затрыманыя пяцёра маладых людзей», - паведаміў аддзел інфармацыі і грамадскіх сувязей сталічнай міліцыі.

Па дадзеных ГУУС, «асноўны наркадылер (1997 г.н.) перамяшчаўся па горадзе на «Мэрсэдэсе». Міліцыянты заблакавалі аўто на плошчы Бангалор. Далей у іншамарцы пры дапамозе спецінструменту шляхам разбіцця былі ўскрытыя браняваныя вокны, а кіроўца і пасажыры (1994-1997 г.н.) былі затрыманыя з доказамі злачынства падчас здзяйснення чарговай здзелкі».

Як растлумачыў начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Менгарвыканкама Канстанцін Ляшкевіч, у ходзе агляду ў прыяцеляў у агульнай колькасці канфіскавана звыш 20 грамаў псіхатропных рэчываў.

Зараз дзеянням затрыманых, двое з якіх апынуліся звычайнымі спажыўцамі, якія прыйшлі за дозай, даецца прававая ацэнка.

Аднак ёсць і іншая версія таго, што здарылася.

«На плошчы Бангалор нейкая незразумелая актыўнасць. Куча міліцыі, мэрседэс стаіць пасярод дарогі і быццам бы труп чалавека», - напісаў карыстальнік форуму onliner.by Zigler (арфаграфія і пунктуацыя захаваныя).

Як перадаваў карэспандэнт партала, на месцы здарэння сапраўды знаходзіўся аўтамабіль з пашкоджаннямі, падобнымі на кулявыя адтуліны.

Як стала вядома парталу, гаворка ідзе, як мяркуецца, пра цёмна-сіні Mercedes S-Class з нумарамі сёмага рэгіёну. На яго бакавым з правага боку і ветравым шкле было відаць каля дзесяці адтулін, падобных на тыя, што пакідаюць кулі. Ён стаяў у крайняй левай паласе. Відавочцы сцвярджаюць, што побач з аўтамабілем знаходзілася цела мужчыны, яго неўзабаве павезлі. На месцы здарэння засталіся аскепкі шкла, сляды крыві і пальчаткі судмедэкспертаў.

Гэтую інфармацыю пацвердзіў і шэраг іншых інтэрнэт-СМІ.

Апошнія навіны