BE RU EN

За кпіны над настаўнікамі ў Расеі ўвядуць крымінальную адказнасць

  • 27.06.2014, 16:18

У Дзярждуме прапанавалі ўсталяваць забарону на абразы і кпіны ў дачыненні да школьных настаўнікаў.

Пра гэта піша ў пятніцу, 27 чэрвеня, газета «Известия».

«Мы назіраем змену настрояў у моладзевым асяроддзі - падлеткі сталі асабліва агрэсіўнымі. Я мяркую, што дзяржава павінна абараняць бяспеку педагогаў, як гэта адбываецца ў дачыненні да работнікаў праваахоўных органаў», - адзначае намеснік старшыні камітэта Дзярждумы ў адукацыі Віктар Шудэгаў.

Ён рыхтуе адпаведныя папраўкі да ФЗ-273 «Аб адукацыі ў РФ». Дэпутат хоча забараніць «абразы, кпіны, папрокі ў некампетэнтнасці, павучанні, фарміраванне негатыўнага стаўлення ў асяроддзі настаўнікаў і бацькоў і гэтак далей». Гэта, як і прымяненне гвалту ў дачыненні да педагагічных работнікаў, прапануецца прыраўняць да ўжывання сілы або абразы ў дачыненні да прадстаўніка ўлады.

Непаўналетнім за абразу настаўнікаў будзе пагражаць вымова, аж да выключэння са школы, а тым, каму за 18, - крымінальнае пакаранне.

Акрамя таго, Шудэгаў прапануе прадстаўляць настаўнікам адпачынак да года з аплатай за палову сумы заработнай платы пры ўмове, калі чалавек адпрацаваў педагогам 10 гадоў запар.

Апошнія навіны