BE RU EN

Беларусь прадала Іраку патрыманыя знішчальнікі

  • 26.06.2014, 19:41

Багдад закупіў у Беларусі і Расеі некалькі былых ва ўжыванні знішчальнікаў «Сухой».

Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Ірака Нуры аль-Малікі у інтэрв'ю BBC.

Ён падкрэсліў, што самалёты могуць пачаць палёты над Іракам «у бліжэйшыя некалькі дзён». Якія менавіта самалёты чакаюцца ў пастаўцы, ірацкі прэм'ер не ўдакладніў.

Тым часам, Нуры аль-Малікі паведаміў, што ЗША затрымліваюць угоду на продаж Іраку знішчальнікаў F-16.

Пра намер блізкаўсходняй краіны ўкласці кантракт з Расеяй на пастаўку вайсковай тэхнікі на агульную суму ў 4,3 млрд даляраў паведамлялася ў верасні 2012 года. Кантракт ўключае ў сябе пастаўку гелікоптэраў Мі-28 розных мадыфікацый, самалётаў сямействаў Су і МіГ, а таксама бронетэхніку і сістэмы СПА. Аб дамоўленасцях паміж Менскам і Багдадам аб пастаўках самалётаў з Беларусі раней не паведамлялася.

Магчыма, гаворка ідзе пра самалёты Су-27. У студзені мінулага года прэс-служба Мінабароны Беларусі пацвердзіла, што яны больш не выкарыстоўваюцца айчыннымі ВВС. Гэтыя знішчальнікі знаходзяцца ў эксплуатацыі больш за 25 гадоў, выпрацавалі свой рэсурс, і іх далейшае выкарыстанне супярэчыць прынцыпам забеспячэння бяспекі палётаў. На думку спецыялістаў, у тым ліку кампаніі «Сухой», далейшая мадэрнізацыя Су-27 немэтазгодная.

Апошнія навіны