BE RU EN

Фанаты салігорскага «Шахцёра» абвясцілі байкот матчаў каманды

  • 26.06.2014, 9:18

Заўзятары пратэстуюць супраць дзеянняў міліцыі.

Фанаты салігорскага «Шахцёра» прынялі пастанову байкатаваць хатнія матчы каманды. Пра гэта гаворыцца ў іх групе ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте». Сёння там з'явіўся зварот да ўсіх актыўных фанатаў салігорскага «Шахцёра».

«У сувязі з вельмі складанымі стасункамі з прадстаўнікамі «правапарадку» арганізаванай падтрымкі на хатніх матчах салігорскага «Шахцёра» не будзе. Нам надакучыў неадэкватны прэс з боку людзей у шэрым, на стадыён людзей прапускаюць паводле прынцыпу «ты пройдзеш, а ты мне не падабаешся, ты пойдзеш», для многіх нашых хлопцаў цяпер прыход на стадыёне значыць 15 дзён арышту, пра што не саромеючыся кажуць нам самі міліцыянты. Вынікі іх карпатлівай працы можна назіраць ужо які месяц, хатні сектар паменшыўся амаль удвая. Нам такі футбол не патрэбны! Заклікаем усіх адмовіцца ад наведвання стадыёна агулам і ад пятага сектара ў прыватнасці, пакуль сітуацыя не ўрэгулюецца. Калі стадыён у іх разуменні не месца забавы, а рэжымны аб'ект - хай пільнуюць пустыя сектары.

Але пакінуць без падтрымкі наш любімы клуб мы не можам, таму заклікаем усіх павялічыць выязную актыўнасць. Фанат не злачынца!» - гаворыцца ў звароце.

Аб неадэкватных дзеяннях міліцыянтаў падчас футбольных матчаў раней неаднаразова паведамлялі і заўзятары іншых беларускіх клубаў.

Апошнія навіны