Станіслаў Багданкевіч: Людзі панясуць грошы валютчыкам
- 24.06.2014, 17:24
Кантроль за валютна-абменнымі аперацыямі можа прынесці страты банкам.
Такое меркаванне сайту charter97.org выказаў былы кіраўнік Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч, каментуючы магчымыя змены ў Падатковым кодэксе, згодна з якімі праваахоўным органам будзе даступная інфармацыя аб куплі валюты насельніцтвам.
- Што гэта будзе азначаць на практыцы?
- Чыноўнікі, КДБ, пракуратура будуць мець усю інфармацыю аб тым, адкуль у людзей грошы, асабліва, калі гаворка ідзе пра вялікія сумы.
Для працоўнага класа гэта наўрад ці будзе мець значэнне. Горш за ўсё давядзецца бізнэсоўцам, якія сыходзяць ад падаткаабкладання і для чыноўнікаў, якія атрымліваюць хабар. Але агулам гэта дрэнна, бо гэта сачэнне за чалавекам, за ягонай дзейнасцю. Улады будуць высвятляць і кантраляваць, адкуль да людзей паступаюць грошы.
Для чалавека, які кожны месяц мяняе даляраў дзвесце - гэта не страшна. Вось калі больш - чалавек трапіць у поле зроку органаў.
- Банкі фіксавалі пашпартныя звесткі людзей, якія купляюць валюту на тэрыторыі Беларусі. Ці атрымаюць дзяржорганы свабодны доступ і да архіваў гэтых запісаў?
- Безумоўна, але я думаю, што гэта не варта рабіць. Калі я абменьваю нейкія грошы перад адпачынкам або назапашваю ў далярах ці ў еўра, мяне што, пасадзяць?
Лепш бы сачылі за пэўным колам людзей! За Чыжом трэба сачыць, за якімі-небудзь буйнымі прадпрымальнікамі, чыноўнікамі. Але тут ёсць іншыя метады кантролю.
- Гэта значыць, вы думаеце, што гэтыя захады грошай дзяржаве не прынясуць, а працы дададуць?
- Так, я так мяркую. Гэта пошук чагосьці буйнога з вялізнымі выдаткамі, якія дадуць мінімальны эфэкт.
- Ці не думаеце вы, што гэта можа быць зроблена для ціску на грамадзянскую супольнасць?
- Так. Калі хтосьці з актывістаў ці палітыкаў атрымлівае грошы з-за мяжы, за гэтым могуць прасачыць. Але ўсіх не адсочыш. Я - сябра Аб'яднанай грамадзянскай партыі, у нас сотні чалавек. Кожны абмяняе па 100 даляраў - і што з таго?
- Ці не стане больш валютчыкаў?
- Так, адназначна будзе нейкі ўсплёск іх актыўнасці.
Людзі панясуць валюту валютчыкам, а не ў банкі, і тыя стануць зарабляць менш.