BE RU EN

Вакульчык распавёў, як КДБ чытае перапіску беларусаў

  • 24.06.2014, 13:49

Старшыня КДБ даў справаздачу перад «дэпутатамі».

Практычна штомесяц беларускія спецслужбы выяўляюць у інтэрнэце перапіску людзей, якія абменьваюцца інфармацыяй «адносна вырабу выбуховых прылад». Пра гэта паведаміў сёння старшыня КДБ Беларусі Валерый Вакульчык на паседжанні «палаты прадстаўнікоў», паведамляе БелТА.

«Адны вырабляюць гэтыя прылады ў хуліганскіх мэтах, іншыя - з цікаўнасці», - сказаў старшыня камітэта. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ўсё гэта можа несці пагрозу не толькі для саміх «падрыўнікоў», але і для ўсяго грамадства.

Таксама кіраўнік КДБ паведаміў, што падчас ЧС-2014 у хакеі спецслужбы зафіксавалі ў інтэрнэце паведамленні ад адной невядомай асобы іншай пра тое, што «падрыхтаваная банка з аманіту, гэта значыць выбуховае прыстасаванне, і засталося толькі яго запусціць». Дзякуючы ўзаемадзеянню з калегамі з Расеі было ўстаноўлена, што адзін з гэтых людзей знаходзіўся ў Санкт-Пецярбургу, іншы чалавек быў у Беларусі. У выніку аказалася, што гэта быў жарт. «Але гэта стала вядома толькі потым. І адны б мы гэтую інфармацыю не высветлілі», - адзначыў Валерый Вакульчык.

Адказваючы на ўдакладняючыя пытанні «дэпутатаў», ён патлумачыў: «Калі яны перапісваюцца паміж сабой, то яно ў прынцыпе не падпадае пад крымінальную або адміністрацыйную адказнасць. Калі ж асоба распаўсюджвае інфармацыю, якая звязаная з пагрозай тэракту, тады - так. Але тут маецца на ўвазе распаўсюд інфармацыі для шырокага кола».

Старшыня КДБ не ўдакладніў, дзе менавіта перапісваліся грамадзяне, аб якіх ішла гаворка і якім менавіта спосабам была перахопленая інфармацыя.

Апошнія навіны