BE RU EN

Расейскі сэнатар патрабуе разарваць стасункі з Літвой

  • 23.06.2014, 15:40

Чалец Рады Федэрацыі патрабуе ўвесці эканамічныя санкцыі супраць Літвы.

Ігар Марозаў мяркуе, што Расея павінна спыніць усе стасункі з балтыйскай краінай праз словы Далі Грыбаўскайтэ, якая параўнала дзеянні Уладзіміра Пуціна з тактыкай, якая ўжывалася ў свой час Сталіным і Гітлерам, піша РІА "Новости".

"Гэта недапушчальная для кіраўніка ўсялякай дзяржавы заява, якая закрэслівае ўсе міждзяржаўныя стасункі Расеі і Літвы. На такое міжнароднае хамства трэба адказваць дастаткова жорсткімі эканамічнымі санкцыямі, у тым ліку спыненнем транзіту нафтапрадуктаў і скасаваннем рэжыму найбольшага спрыяння для літоўскіх прадпрыемстваў на расейскім рынку", - заявіў Марозаў.

Ён таксама адзначыў, што калі кіраўнік адной з дзяржаў Еўразвязу дазволіў сабе такія заявы, гэта азначае, што пазіцыя ва ўсім ЕЗ у дачыненні да Расеі будзе больш жорсткай. "За гэтым стаіць Вашынгтон, які цалкам ўтрымлівае ўзброеныя сілы прыбалтыйскіх дзяржаў і ўключае іх у спіс праграм NATO", - дадаў Марозаў.

Усё гэта, прагназуе расейскі сэнатар, азначае, што сітуацыя агулам будзе пагаршацца праз ціск ЗША на ЕЗ, каб той павялічыў выдаткі на NATO.

Апошнія навіны