Пажар на шахце ў Расеі: эвакуяваныя 200 гарнякоў
- 21.06.2014, 10:58
Амаль 200 гарнякоў эвакуююць з шахты «Асінікаўская» ў Кемераўскай вобласці.
Пра гэта паведамляе РІА «Новости» са спасылкай на афіцыйнага прадстаўніка МНС Аляксандра Драбышэўскага.
«Пры бурэнні свідравіны выяўлены пажар, работа шахты прыпыненая. На паверхню выводзяцца 199 шахцёраў», - распавёў Драбышэўскі.
Паводле папярэдніх звестак, пацярпелых няма. На месцы здарэння працуе шэсць аддзяленняў горнавыратавальнікаў.
Гэта як мінімум чацвёртае НЗ на «Асінікаўскай» за апошнія паўтара гады. У сакавіку 2013 года ў шахце адбыўся прарыў вады. Тады ў забоі знаходзіліся 289 чалавек, чатыры гарнякі загінулі. У жніўні 2013 загарэлася ўстаноўка для спуску і пад'ёму шахцёраў. Тады абыйшлося без ахвяр. У верасні 2013 года шахцёры былі эвакуяваныя пасля таго, як у шахце спынілася вентыляцыя.