BE RU EN

Джозэф Байдэн папярэдзіў аб новых санкцыях ЗША супраць Расеі

  • 19.06.2014, 8:04

Работу над імі Вашынгтон вядзе разам са сваімі саюзнікамі.

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка і віцэ-прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн у ноч на чацвер, 19 чэрвеня, абмеркавалі на тэлефоне становішча рэалізацыі мірнага плана, прапанаванага ўкраінскім лідарам. "Байдэн рашуча падтрымаў настойлівыя намаганні кіраўніка ўкраінскай дзяржавы ў аднаўленні міру і спакою на ўсходзе Украіны", - гаворыцца ў паведамленні прэс-службы прэзідэнта Украіны.

Таксама амерыканскі віцэ-прэзідэнт выказаў шчырыя спачуванні ў сувязі з гібеллю ўкраінскіх вайскоўцаў падчас правядзення антытэрарыстычнай аперацыі.

У той жа размове Байдэн запэўніў Парашэнку, што Злучаныя Штаты будуць працаваць разам з саюзнікамі над тым, каб налажыць на Маскву далейшыя санкцыі ў тым выпадку, калі расейскі бок не выкарыстае ўвесь свой уплыў, каб спыніць сепаратысцкі супраціў на ўсходзе Украіны, і прадоўжыць свой цяперашні курс у гэтых адносінах, паведамляе Reuters са спасылкай на заяву Белага дома.

Між тым намеснік афіцыйнага прадстаўніка генеральнага сакратара ААН Фархан Хак паказаў, што сусветная арганізацыя яшчэ не вяла з Кіевам дыскусій наконт магчымага падаўжэння знаходжання ва Украіне назіральнікаў за правамі чалавека. Ён удакладніў, што бягучы мандат місіі заканчваецца ў канцы жніўня, паведамляе ІТАР-ТАСС.

"Што тычыцца мандата назіральнікаў за правамі чалавека ва Украіне, то іх паўнамоцтвы дзейнічаюць да верасня. Ніякіх дыскусій аб працягу мандата не праводзілася", - сказаў ён.

Апошнія навіны