BE RU EN

Работнікаў ЖКГ Менска чакае масавае скарачэнне

  • 13.06.2014, 9:12

Амаль 600 чалавек будуць звольненыя.

Скароцяць 563 работніка, на іншыя пасады перавядуць 287, паведамляе агенцтва «Менск-Навіны».

Такія меры абмяркоўвалі ў Менгарвыканкаме на пасяджэнні па павышэнню эфектыўнасці функцыянавання сістэмы ЖКГ у Менску. На ім вырашылі выключыць са штатных раскладаў некаторыя пасады, рэарганізаваць аддзелы ЖРЭА і рэструктураваць ЖЭС і ЖЭУ.

Як адзначыў у дакладзе начальнік упраўлення гарадской гаспадаркі і энергетыкі Менгарвыканкама Зміцер Янчык, на 1 студзеня 2014 года колькасць апарата кіравання сталічнага ЖКГ складала 1.599 чалавек (13,7% ад агульнай колькасці работнікаў). Пры гэтым стаіць задача скараціць удзельную вагу такіх работнікаў да колькасці, якая не перавышае 10% ад агульнай колькасці штата ЖРЭА раёнаў.

Так, са штатных раскладаў ЖРЭА плануецца выключыць пасаду «аператар ЭВМ». Такіх спецыялістаў па горадзе ў сістэме ЖКГ цяпер налічваецца 236. Таксама скарачэнне закране намеснікаў галоўнага інжынера ЖРЭА раёнаў, штатная колькасць якіх па горадзе складае 10 чалавек.

Акрамя таго, у ЖРЭА плануюць аб'яднаць юрыдычныя аддзелы і аддзелы арганізацыйна-кадравай і прававой работы, што прывядзе да скарачэння 5 штатных адзінак начальнікаў аддзелаў.

Яшчэ адно змяненне - рэарганізацыя аддзелаў капрамонту, пасля якой у іх застанецца па 6 штатных адзінак: начальнік, намеснік начальніка і 4 інжынера. Такім чынам плануецца скараціць 55 работнікаў дадзеных аддзелаў у ЖРЭА Менска. Таксама будзе ўпарадкаваная штатная колькасць службы заказчыка і іншых аддзелаў ЖРЭА раёнаў. У службе заказчыка пасля рэарганізацыі ў цэлым па горадзе застанецца 150 штатных адзінак.

ЖЭС і ЖЭУ горада чакае рэструктурызацыя. Яны згубяць права юрыдычнай асобы. Там знікне пасада намесніка дырэктара па добраўпарадкаванні, але замест яе будзе ўведзеная адзінка старэйшага майстра (майстра). Таксама ў ЖЭС/ЖЭУ скароцяць функцыі галоўнага бухгалтара, намеснікаў галоўнага бухгалтара - эканамістаў, эканамістаў. Іх функцыі будуць перададзеныя ў ЖРЭА раёнаў. Пры гэтым для ажыццяўлення бухгалтарскай і эканамічнай дзейнасці створаць групы па разліку заработнай платы, уліку матэрыялаў і іншыя.

У ЖЭС і ЖЭУ будуць скарочаныя функцыі юрысконсультаў і інспектараў па кадрах, пасля чаго ў структуру ЖРЭА раёнаў будзе пераведзеная 71 такая штатная адзінка, а пад скарачэнне падпадуць 50 штатных адзінак.

Дз. Янчык адзначыў, што ў выніку пералічаных мерапрыемстваў падлягаюць скарачэнню 563 штатныя адзінкі, пераводу - 287 штатных адзінак, што дазволіць дасягнуць эканоміі фонду заработнай платы з налічэннямі і іншых выдаткаў у памеры 43,7 млрд рублёў у год.

Апошнія навіны