BE RU EN

Саліст беларускай оперы заваяваў «золата» на Дэльфійскіх гульнях

  • 8.05.2014, 21:09

Саліст беларускай оперы заваяваў «золата» на Дэльфійскіх гульнях.

Залатую ўзнагароду на Еўрапейскіх Дэльфійскіх гульнях атрымаў саліст Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Павел Пятроў.

Спявак атрымаў золата ў намінацыі «Акадэмічныя спевы» 6 мая ў Валгаградзе, дзе адбыліся трынаццатыя моладзевыя Дэльфійскія гульні Расеі, уключаныя ў праграму Года культуры ў Расеі, і першыя адкрытыя моладзевыя Еўрапейскія Дэльфійскія гульні, якія праводзяцца пад патранатам Міжнароднага Дэльфійскага камітэта і ЮНЕСКА.

Удзел у конкурсе бралі каманды з усіх рэгіёнаў Расеі, а таксама дэлегацыі з 26 краін свету. Усяго ў Дэльфійскіх гульнях выступілі 2,5 тысячы чалавек, паведамляе БелаПАН.

Гэта трэцяя перамога маладога саліста беларускага тэатра Паўла Пятрова на міжнародных конкурсах. У 2013 года ён стаў лаўрэатам другой прэміі VIII Міжнароднага конкурсу вакалістаў імя Станіслава Манюшкі, у гэтым жа годзе – лаўрэатам першай прэміі Міжнароднага конкурсу оперных выканаўцаў імя Марыі Біешу ў Кішынёве.

На сцэне Вялікага тэатра Беларусі Павел Пятроў выконвае партыі Ленскага і Трыке ў оперы «Яўген Анегін» Чайкоўскага, Маладога Цыгана ў «Алека» Рахманінава, Берандзея ў оперы «Снягурка» Рымскага-Карсакава, Франка і Эйлера ў міні-оперы «Дырэктар тэатра».

Архіўнае фота press.md

Апошнія навіны