Мінгандлю: Крамы забралі імпартнае піва па «патрыятычнай ініцыятыве»
- 8.05.2014, 13:24
Міністэрства гандлю Беларусі сцвярджае, што не забараняла рэалізацыю імпартнага піва падчас чэмпіянату свету па хакеі.
"Не, міністэрства не забараняла продаж імпартнага піва", - заявілі агенцтву "Інтэрфакс-Захад" у Мінгандлі.
Разам з тым там адзначылі, што вітаюць, калі нейкія рознічныя гандлёвыя аб'екты прымаюць рашэнне прадставіць больш беларускага піва на сваіх прылаўках. "Нам прыемная такая патрыятычная ініцыятыва - больш турыстаў пакаштуюць беларускае піва, якое не саступае імпартнаму", - падкрэслілі ў ведамстве.
У Міністэрстве таксама звярнулі ўвагу на тое, што такія міжнародныя карпарацыі, як Heiniken, Carlsberg і Olvi, маюць уласныя вытворчасці ў Беларусі і выпускаюць шырокі асартымент сусветных марак піва.
Забіраць імпартнае піва з прылаўкаў крам пачалі ў другой палове дня 7 траўня. У рэалізацыі застаецца толькі піва беларускай вытворчасці і разлітае ў Беларусі. Па неафіцыйнай інфармацыі, забарона на рэалізацыю імпартнага піва будзе доўжыцца да канца чэмпіянату свету па хакеі. У інтэрнэце ўчора з'явіўся дакумент, які пацвярджае гэтую інфармацыю.