BE RU EN

У Данецку вызвалілі з палону трох украінскіх вайскоўцаў

  • 7.05.2014, 10:34

Учора ў Данецку баевікі захапілі трох няўзброеных вайскоўцаў, у тым ліку двух старшых афіцэраў Узброеных Сіл Украіны.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Міністэрства абароны.

«6 траўня каля 16.00 у размяшчэнне Дабрапольськага аб'яднанага раённага ваеннага камісарыята ўварваліся амаль 10 баевікоў з агнястрэльнай зброяй. Асобы ў масках захапілі трох няўзброеных вайскоўцаў, у тым ліку двух старшых афіцэраў Узброеных Сіл Украіны», - адзначаюць у ведамстве.

У паведамленні таксама сказана, што нападнікі прадставіліся ваярамі арміі так званай «Данецкай народнай рэспублікі» і перавезлі закладнікаў у будынак Данецкай АДА, які ўтрымліваюць баевікі, перадае УНІАН.

«У выніку працяглых перамоваў з удзелам начальніка ваеннага гарнізона палкоўніка Сяргея Камеша, сёння, 7 траўня, ноччу трох вайскоўцаў удалося вызваліць з палону», - падкрэсліваюць у Мінабароны.

Нагадаем, з 6 красавіка расейскія дыверсійныя групы і мясцовыя сепаратысты пачалі планамерныя захопы будынкаў адміністрацый ва ўсходніх абласцях Украіны, а таксама ўпраўленняў МУС і СБУ, якія прывабліваюць баевікоў зброевым арсеналам.

Фота: Reuters

Апошнія навіны