BE RU EN

Краіны G7 гатовыя да ўвядзення новых санкцый супраць Расеі

  • 6.05.2014, 9:14

Краіны «вялікай сямёркі» гатовыя да ўвядзення новых санкцый у дачыненні да ўладаў РФ.

Гэта адбудзецца ў тым выпадку, калі Масква працягне рабіць замах на суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Пра пагрозу новых санкцый заявіў на брыфінгу ў панядзелак у Вашынгтоне прэс-сакратар Белага Дома Джэй Кэрні, перадае "Голос Америки".

ЗША, таксама як ЕЗ і іншыя краіны "вялікай сямёркі", гатовыя да новага "больш інтэнсіўнага" раўнда ў дачыненні да Расеі, калі яна працягне "замах на суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны", выкарыстоўваючы тыя метады, якія прымяняе зараз, або "вырашыць пайсці яшчэ далей і ўвядзе свае войскі на Украіну", сказаў Джэй Кэрні. Ён падкрэсліў, што Белы дом глыбока занепакоены падзеямі ў Адэсе.

Магчымасць страты Адэсы Украінай падкрэслівае неабходнасць неадкладнай дээскалацыі крызісу, сказаў прэс-сакратар Белага дома.

ЗША, ЕЗ і шэраг краін-партнёраў увялі супраць Расеі санкцыі ў сувязі з незаконным далучэннем Крыма. У цяперашні час у санкцыйныя спісы ўваходзіць шэраг расейскіх чыноўнікаў і бізнесменаў, ЗША таксама дадалі ў яго 18 расейскіх кампаній і банкаў.

На мінулым тыдні ў Вашынгтоне прэзідэнт ЗША Барак Абама і канцлер Германіі Ангела Меркель заявілі, што ЗША і ЕЗ рыхтуюцца да ўвядзення санкцый супраць асобных галін расейскай эканомікі, калі Расея захоча перашкодзіць правядзенню прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне 25 траўня.

Апошнія навіны