Мінабароны Нямеччыны: За выкраданнем інспектараў АБСЕ стаялі прафесіяналы
- 5.05.2014, 20:02
Выкраданне групы вайсковых назіральнікаў АБСЕ у Славянска 25 красавіка ажыццявілі прафесіяналы.
Пра гэта заявіў афіцыйны прадстаўнік міністэрства абароны Нямеччыны Енс Флосдорф, паведамляе "Укрінформ".
"Мы зыходзім з таго, што назіральнікаў АБСЕ мэтанакіравана затрымалі паблізу Славянска высокапрафесійныя асобы і толькі потым перадалі іх у рукі так званых сіл самаабароны горада", - сказаў ён.
Са слоў афіцыйнага прадстаўніка, урад ФРН цяпер не мае звестак аб тым, хто менавіта ўдзельнічаў у аперацыі затрымання міжнародных інспектараў.
"Мы можам толькі сказаць, што гэта былі іншыя людзі, чым тыя, хто потым утрымліваў іх у закладніках", - дадаў Флосдорф.
Нагадаем, у канцы красавіка на адным з блок-пастоў каля Славянска ваеўнікі затрымалі чальцоў вайсковай місіі АБСЕ. Службай бяспекі Украіны былі атрыманыя довады каардынацыі і дырэктыўнага ўплыву расейскай стараны на сітуацыю вакол захопу чальцоў вайсковай верыфікацыйнай місіі краін - удзельніц АБСЕ. У прыватнасці, апублікаваная размова паміж спецыяльным прадстаўніком прэзідэнта РФ і верхаводам узброеных тэрарыстаў.