BE RU EN

Financial Times: Пад Славянскам схаваныя да 5 мільёнаў адзінак зброі

  • 5.05.2014, 17:18

Велізарны склад зброі, на думку брытанскага выдання, робіць Славянск ключавой кропкай.

Паблізу гэтага ўсходнеўкраінскага горада няма зброевых заводаў, ваенных баз, важных транспартных магістраляў або геастратэгічных абарончых збудаванняў. Аднак, згодна з дакладам Каралеўскага аб'яднанага інстытута абаронных даследаванняў (RUSI), горад з'яўляецца "эпіцэнтрам гульні стрымлівання і балансавання, якая можа падштурхнуць Маскву на грань адкрытага ўварвання", перадае The Financial Times (пераклад - Инопресса).

Непадалёк ад Славянска размешчаны аб'ект, які, на думку ваенных аналітыкаў, можа растлумачыць ключавую важнасць горада - склад стралковай зброі. "Да 5 млн адзінак зброі - ад вінтовак да кулямётаў - было схавана ў былых саляных шахтах пад Славянскам у рамках надзвычайных планаў часоў халоднай вайны па ўзбраенні насельніцтва ў выпадку замежнай інтэрвэнцыі", - гаворыцца ў артыкуле.

На думку аналітыкаў і крыніц у выведсупольнасці, з якімі размаўлялі журналісты выдання, маскоўскія штабісты вельмі сур'ёзна ставяцца да гэтага факту, баючыся, што Кіеў паспрабуе раздаць зброю насельніцтву. Пагроза шырокага распаўсюджвання ў краіне зброі выклікала прывід "балканізацыі" канфлікту, заявіў выданню высокапастаўлены суразмоўца ў еўрапейскіх дыпламатычных колах.

"Той факт, што мясцовыя прыхільнікі Масквы ведалі пра існаванне склада са зброяй і занялі пазіцыі ў непасрэднай блізкасці ад яго, блакуючы доступ, паказвае на ваенны ўзровень планавання, заявіў эксперт па выведслужбах, які пажадаў застацца неназваным", - паведамляе журналіст.

Аднак, на думку карэспандэнта, у дадзены момант прынцыповае пытанне - якую ступень кантролю Масква захоўвае над сепаратысцкімі групамі, выступленне якіх яна дапамагла справакаваць?

"На волю вырваліся непадкантрольныя планавальнікам сілы, - распавёў Сэмюэл Шарап, старшы навуковы супрацоўнік Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў. - Вялікая колькасць нявопытных маладых людзей са зброяй супрацьстаіць мноству іншых ненавучаных узброеных маладых людзей... Гэта парахавая бочка".

Апошнія навіны