Украінскі лётчык Мі-24 вызвалены з палону
- 5.05.2014, 13:19
Лётчык Мі-24 Яўген Краснакуцкі, якога захапілі пад Славянскам 2 траўня, вызвалены з палону.
Лётчыка верталёта Мі-24 Узброеных сіл Украіны капітана Яўгена Краснакуцкага, які ў ноч на 2 траўня ажыццяўляў паветранае патруляванне ў раёне Славянска і быў збіты сепаратыстамі, вызвалены з палону, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны Украіны.
"У цяперашні час афіцэр знаходзіцца ў Ваенна-медыцынскім клінічным цэнтры Паўночнага рэгіёну. Стан яго здароўя лекары характарызуюць як здавальняючы", - адзначана ў паведамленні.
Таксама ў Ваенна-медыцынскім клінічным цэнтры Паўночнага рэгіёну знаходзяцца целы пяці пілотаў, якія загінулі ў выніку абстрэлу баевікамі верталётаў Узброеных Сіл Украіны, тры з іх праходзяць ідэнтыфікацыю.
У Мінабароны нагадалі, што ў ноч на 2 траўня ў раёне Славянска былі збітыя два верталёта Мі-24 Узброеных сіл Украіны, якія ажыццяўлялі паветранае патруляванне. Баявыя машыны былі збітыя невядомымі асобамі з выкарыстаннем пераносных зенітных ракетных комплексаў (ПЗРК). У выніку абстрэлу некалькі ваеннаслужачых Узброеных сіл Украіны загінулі, адзін паранены.
Акрамя таго, стрэламі са стралковай зброі быў пашкоджаны верталёт Мі-8 армейскай авіяцыі Узброеных сіл Украіны, паранены адзін вайсковец.
"Факт выкарыстання супраць Узброеных сіл Украіны ПЗРК яскрава паказаў, што супраць вайскоўцаў у Данецкай вобласці дзейнічаюць далёка не "мірныя пратэстоўцы", а добра падрыхтаваныя і ўзброеныя прафесійныя дыверсійныя групы, якія шляхам здзяйснення тэрарыстычных актаў і дыверсій спрабуюць дэстабілізаваць абстаноўку", - падкрэслілі ў Мінабароны.
У ведамстве таксама паказваюць, што падобныя паводзіны ўласцівыя альбо вайвскоўцам іншай краіны, якія дзейнічаюць супраць ворага, вызначанага іх кіраўніцтвам, або дасведчаным наймітам, які гатовы дзейнічаць супраць любога за ўзнагароджанне.
Фота: mil.gov.ua