BE RU EN

Рабочым «Граніту» зрэзалі даплату за працу на святы

  • 5.05.2014, 12:07

Супрацоўнікаў РУВП «Граніт» пазбавілі яшчэ адной прэферэнцыі.

Пра гэта сайту charter97.org паведаміў прафсаюзны актывіст Алег Стахаевіч.

«У святочныя дні ў канцы красавіка і пачатку траўня гранітаўцы працавалі з аплатай працы ў двухразовым памеры, хоць да гэтага ў святочны дзень яны атрымлівалі дзённы заробак у чатырохразовым памеры», - адзначыў ён.

Прафсаюзны актывіст дадаў, што гэта не першы за апошні час выпадак уразання прэферэнцый.

«Мінулай вясной зменшаныя даплаты за шкодныя ўмовы працы і знятая надбаўка да адпачынку, якая складаецца з сямі дзён. Таксама гранітаўцам перасталі аплачваць прастоі па віне наймальніка, у прыватнасці кіроўцам БелАЗа на тэхналагічнай лініі. Да таго ж забралі 30 хвілін з 12-гадзіннай рабочай змены, што таксама адбілася на прыбытках. А цяпер аплата святочных змен зніжаная ў два разы», - канстатаваў Алег Стахаевіч.

Нагадаем, у канцы 2011 года некалькі соцень работнікаў прадпрыемства па здабычы будаўнічага каменю «Граніт» у Мікашэвічах напісалі заявы аб выхадзе з афіцыйнага прафсаюзу. Рабочыя абвясцілі, што ствараюць на прадпрыемстве Беларускі незалежны прафсаюз. У выніку ўсе сябры БНП, у тым ліку і яго кіраўнік Алег Стахаевіч, былі звольненыя з прадпрыемства.

Апошнія навіны