BE RU EN

Генпракуратура рыхтуе арышты дырэктараў буйных прадпрыемстваў

  • 30.05.2014, 15:26

Беларускіх чыноўнікаў чакаюць новыя крымінальныя справы.

Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк не выключае, што па выніках праверак дзейнасці падатковых органаў, праведзеных Дзяржкантролем і Генпракуратурай, супраць шэрагу кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў краіны могуць быць распачатыя крымінальныя справы, перадае "Інтэрфакс".

"Мы праверылі і адмоўныя матэрыялы па падатках, і крымінальныя справы, якія вядуцца ў сувязі з ухіленнем ад выплаты падаткаў. Яны таксама скарэктаваныя. І я не выключаю, што будуць распачатыя новыя крымінальныя справы", - паведаміў Канюк журналістам у пятніцу ў Менску па выніках сумеснага пасяджэння калегій Генпракуратуры і Камітэта дзяржаўнага кантролю па пытаннях стану законнасці ў падатковай сферы.

Паводле яго слоў, адказнасць пагражае кіраўнікам буйных прадпрыемстваў, у тым ліку і камерцыйных. Прычым, як адзначыў генпракурор, "сумы фігуруюць мільярдныя".

Ён канстатаваў, што, "на жаль, спробы ўхілення ад выплаты падаткаў ёсць усюды". "Наша задача - спыніць гэта", - сказаў Канюк. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што "патрабуецца дапрацоўка заканадаўства", паколькі "прававая сфера ў гэтым сэнсе прасядае".

"Ёсць праблемы па своечасовым спагнанні падаткаў. І прававога характару, і звязаныя з тым, што ёсць прабелы ў заканадаўстве. Гэта так званы разліковы метад вылічэння падаткаў. Мы ў гэтым павінны навесці парадак", - адзначыў генпракурор.

Ён таксама прызнаў, што ў Беларусі да гэтага часу не сфармаваўся менталітэт безумоўнага выканання падатковага заканадаўства, хоць "ва ўсім свеце самае страшнае злачынства - ухіленне ад выплаты падаткаў".

Нагадаем, у рамках так званай барацьбы з карупцыяй і "неэфектыўнага расходавання сродкаў" за апошні час былі арыштаваныя кіраўнікі такіх буйных прадпрыемстваў, як "Белкаапсаюз", "Менсккаапдругрэсурсы" і "Барысаўдрэў".

Апошнія навіны