BE RU EN

Лукашэнка паскардзіўся на няроўныя ўмовы ў ЕЭС

  • 3.05.2014, 21:36

Беларусь не можа ў шкоду сабе ўвайсці ў Еўразійскі саюз на няроўных умовах, заявіў дыктатар.

Пра гэта Лукашэнка заявіў, калі сустракаўся з працоўным калектывам СЗАТ «БелДжы», паведамляе карэспандэнт БелТА.

Ён падкрэсліў, што калі Беларусь, Расея і Казахстан дамаўляюцца аб стварэнні саюза, «значыць, перашкод ужо быць не павінна і ўсе павінны працаваць у роўных умовах». «Так я паставіў пытанне перад сваімі калегамі–прэзідэнтамі», - сказаў Лукашэнка аб нядаўняй сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў «тройкі» ў Менску на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета.

«Апошнімі днямі ў Менску ішла даволі жорсткая гутарка з нагоды будучага нашых легкавых аўтамабіляў. Натуральна, нашых партнёраў насцярожвае тое, што вы (СЗАТ «БелДжы») даволі паспяхова стартанулі, асабліва ў гэтым годзе, у першым квартале, - канстатаваў ён. - Вы ўжо на новым прадпрыемстве выйшлі на 10% рэнтабельнасці. Гэта нядрэнна. у мінулым годзе было крыху больш за адзін адсотак, цяпер у дзесяць разоў больш». Такіх паказчыкаў змаглі дасягнуць, нягледзячы на тое, што назіралася падзенне вытворчасці аўтамабіляў на расейскім рынку. «Але Geely дае рост - амаль 50% на расейскім рынку. Гэта, вядома, насцярожвае і расейцаў. Напэўна, думаюць пра тое, што кітайцы заб'юць расейскую аўтапрамысловасць з тэрыторыі Беларусі», - сказаў Лукашэнка.

У сувязі з гэтым ён лічыць неабходным да стварэння ЕАЭС развязаць з краінамі - партнёрамі ўсе праблемныя пытанні. «Сёння мы, яшчэ раз падкрэсліваю, вядзём дыялог, перш за ўсё, з Расеяй, як вырашыць гэтыя пытанні. Яны бліжэйшым часам будуць развязаныя, бо ў канцы траўня мы павінны падпісаць дамову аб стварэнні эканамічнага саюза, таму ўсе пытанні павінны быць знятыя. У адваротным выпадку мы не можам пайсці ва ўбытак сабе на няроўных умовах у гэты эканамічны саюз. Хоць, яшчэ раз гэта падкрэслю, мы вельмі ў гэтым зацікаўлены і нямала зрабілі для станаўлення гэтага эканамічнага саюза», - звярнуў увагу Лукашэнка.

На яго думку, цалкам натуральна, што кожная краіна спрабуе абараняць свой рынак, але калі ствараць саюз, то трэба першапачаткова дамовіцца аб раўнапраўных умовах працы.

Апошнія навіны