BE RU EN

Гомельскаму актывісту пагражалі расправай за ўкраінскі сцяг

  • 3.05.2014, 11:59

Невядомыя напалі на актывіста кааліцыі «Наша альтэрнатыва» Кастуся Жукоўскага.

2 траўня трое невядомых а 21.00 напалі на прыватны дом актывіста кааліцыі «Наша альтэрнатыва» Кастуся Жукоўскага і пагражалі яму фізічнай расправай за ўсталяваны на даху ўкраінскага сцяга. Сцяг краіны-суседкі актывіст усталяваў на даху свайго дома ў пачатку сакавіка ў знак салідарнасці з украінскім народам. Побач таксама лунае бел-чырвона-белы сцяг.

«Вечарам невядомыя сталі гучна стукаць у брамку, яны спрабавалі прарвацца ў двор і нецэнзурна лаяліся. Мая дачка і жонка спалохаліся шуму. Я спытаў з акна ў гэтых людзей, што яны хочуць. У адказ пачуў пагрозы, маўляў, выходзь, мы цябе заб'ём, пазбаўцеся ад гэтай анучы з даху, нам не падабаецца гэты сцяг. Яны крычалі нешта пра Крым, Бандэру, Майдан і яшчэ невядома што. Адзін крычаў, што ў яго два дзяды і бацька ў вайну загінулі, хоць па ўзросту яму каля сарака», - паведаміў БелаПАН Жукоўскі.

Ён выклікаў міліцыю. «Яны і ў прысутнасці міліцыі працягвалі мацюкацца і пагражаць мне. Міліцыя выклікала аўтамабіль, каб адвесці хуліганаў на разгляд у аддзел. Я не паехаў: у мяне дзіця дома. Чым усё скончылася, пакуль не вядома. Я растлумачыў і міліцыі, і тым, хто нападаў, што такія паводзіны вядуць да фашызму. Сёння ім не падабаецца ўкраінскі сцяг, заўтра - колер вачэй каго-небудзь, а паслязаўтра з'явяцца канцэнтрацыйныя лагеры», - дадаў актывіст.

За два месяцы, на працягу якіх дом Кастуся Жукоўскага ўпрыгожваў украінскі сцяг, прэтэнзій ад каго-небудзь да яго не паступала.

Апошнія навіны