BE RU EN

Сістэма электроннага браніравання чаргі запрацуе да 2015 года

  • 27.05.2014, 10:53

Старшыня Дзяржпамежкамітэта Беларусі Леанід Мальцаў заяўляе пра неабходнасць ствараць электроннае браніраванне чэргаў на мяжы.

"Нам неабходна выключыць чэргі на межах, таму што чэргі транзітных грузавікоў - гэта эканамічныя выдаткі. Для вырашэння гэтай праблемы трэба ствараць сістэму электроннага браніравання чаргі", - заявіў Мальцаў на прэс-канферэнцыі ў аўторак у Менску, прысвечанай Дню памежніка, піша "Інтэрфакс".

Паводле яго слоў, "увядзенне электроннага браніравання аблегчыць працэс перасячэння дзяржаўнай мяжы: людзі могуць загадзя браніраваць месца ў чарзе". "Але трэба разумець, што гэтае пытанне - стварэнне сістэмы электроннага браніравання - не з простых і не з танных", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік Дзяржпамежкамітэта распавёў, што на афіцыйным партале ДПК "ёсць інфармацыя аб пунктах пропуску: можна забраніраваць час і месца праезду. Кіроўца аўтамабіля, забраніраваўшы час і месца перасячэння мяжы, прыбывае ў сэрвісную зону. І на працягу 15-20 хвілін зможа без велізарных чэргаў перасекчы мяжу".

"Той кіроўца, які ня забраніраваў час перасячэння мяжы, усё роўна можа прыбыць у сэрвісную зону, зарэгістравацца, у выніку час чакання будзе не больш за 30 хвілін", - сказаў Мальцаў. "У сэрвіснай зоне будзе гасцініцы, кафэ, аўтазапраўкі", - адзначыў ён.

Па словах Мальцава, у пункце пропуску "Казловічы" пілотны праект запрацуе да канца гэтага года, у пункце пропуску "Каменны Лог" - да канца 2015 года. Усяго плануецца ахапіць сістэмай электроннага браніравання чаргі 25 памежных пунктаў пропуску. "Не так ужо шмат краін, дзе электроннае браніраванне ёсць. Гэта адзінкі, мы павінны вывучыць усе плюсы і мінусы, як адаптаваць гэтую сістэму да нашых умоў. Таму мы зараз, вывучыўшы ўсё гэта, рыхтуем прававую базу, рыхтуецца праект указу Лукашэнкі, дзе будуць распісаныя ўсе нюансы", - распавёў кіраўнік ДПК.

Мальцаў таксама паведаміў, што робяцца пэўныя крокі па спрашчэнні працэдуры праходжання дзяржаўнай мяжы Беларусі.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны