BE RU EN

83 беларускія прадпрыемствы выстаўленыя на продаж

  • 27.05.2014, 7:57

Інвестарам прапануюць акцыі суб'ектаў гаспадарання, дзе дзяржава мае сваю долю.

Пра гэта паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.

«Інфармацыя аб прыватызацыі ў Рэспубліцы Беларусь і інвестыцыйных магчымасцях краіны будзе прадстаўленая на Міжурадавай беларуска-аўстрыйскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Беларускі бок прапануе рэгулярна інфармаваць аўстрыйскія эканамічныя асацыяцыі і саюзы аб ходзе беларускай прыватызацыі і аб умовах удзелу ў ёй замежных інвестараў. Праца па рэфармаванні дзяржаўнай уласнасці ў Беларусі носіць мэтанакіраваны і «кропкавы» характар, гэта значыць, падыход да прыватызацыі кожнага прадпрыемства індывідуальны», - гаворыцца ў паведамленні.

На сённяшні дзень Дзяржаўны камітэт па маёмасці праводзіць работу па пошуку інвестараў для ўдзелу ў прыватызацыі пакетаў акцый 83 гаспадарчых таварыстваў у галінах прамысловасці, транспарту, сувязі і іншых. Для продажу на аўкцыёнах прапануюцца пакеты акцый 10 акцыянерных таварыстваў, па конкурсу - 73 таварыстваў. Умовы конкурсаў, як правіла, змяшчаюць абавязацельствы пакупніка па ўкладанні інвестыцый і мадэрнізацыі вытворчасцяў, выкананню пэўных сацыяльных гарантый.

Асобна адзначаюцца такія буйныя актывы, як доля ў статутным фондзе аператара сотавай сувязі СТАА «МТС» (51%) і пакет акцый (25 % + 1 акцыя) у статутным фондзе ААТ «Гродна Азот» (не менш за 414 млн даляраў).

Апошнія навіны