BE RU EN

Аэрапорт Гомеля хочуць зрабіць альтэрнатывай «Барыспалю»

  • 24.05.2014, 15:45

Нестабільная сітуацыя ва Украіне змушае шматлікіх турыстаў скарэктаваць свае планы.

Аператары, якія прадбачаць змены на рынку, рызыкнулі выставіць адразу некалькі чартэрных праграм з Гомеля - у Балгарыю і Грэцыю. А «Белавія» запускае праз Гомель рэйсы ў Менск і Калінінград, пішуць «Беларускія навіны».

Беларускія турысты баяцца ехаць ва Украіну

Туркампанія «Аэратрэвел» прапанавала гомельскім турыстам прамы чартар у Бургас (Балгарыя). Першы рэйс, запланаваны з Гомеля, адправіцца 3 чэрвеня. Загрузка, кажуць спецыялісты, высокая.

«Гомельскія рэйсы загрузілі з самага пачатку, і свабодных месцаў ужо практычна няма», - адзначыў кансалідатар па балгарскаму кірунку Аляксандр Іванчык.

«Сітуацыя ва Украіне да гэтага часу застаецца напружанай, і людзі баяцца вылятаць з Кіева. Таму гомельскія рэйсы загрузілі імгненна з глыбінёй продажы да канца сезону, - працягвае тэму дырэктар гомельскай турфірмы «АліВія Трэвел» Валер Жлоба. - Насельніцтва Гомельскай вобласці - 2 млн чалавек. Гэта досыць ёмісты рынак. У гэтым годзе пратэставалі чартэрныя праграмы. І калі ўсё будзе ўдала, людзі прывыкнуць, і іх ужо не загоніш у Кіеў».

Туры з Гомеля ў Балгарыю даражэй, чым аналагічныя з Кіева, але ў гэтым годзе турысты, мабыць, кіраваліся больш бяспекай, чым эканоміяй.

У якасці прыкладу Валерый Жлоба прыводзіць кошты туру на балгарскі курорт Сонечны бераг з вылетам з Гомеля і з Кіева.

«6 чэрвеня нашы турысты вылятаюць з Кіева. Пуцёўка на 12 начэй, пражыванне ў гатэлі тры зоркі, уключаны сняданкі і вячэры. Цана на аднаго чалавека - 300 еўра, і гэта ўжо з пералётам. З Гомеля такі тур будзе каштаваць у два разы даражэй», - кажа ён.

Палітычная нестабільнасць ва Украіне стала адной з прычын, чаму беларускія тураператары наважылі выставіць некалькі чартэрных праграм з Гомеля менавіта ў гэтым годзе.

У Грэцыю цэны на вылет з Гомеля і Кіева практычна зраўняліся

У турфірме «Музэнідзіс Трэвел» паведамілі, што на раннім браніраванні цана на вылет у Грэцыю з Гомеля была практычна роўная кіеўскай. Менавіта таму туры раскупілі, як гарачыя піражкі.

«З Гомеля мы лётаем ў Паўночную Грэцыю - горад Салонікі, - кажа спецыяліст аддзела рэкламы і PR Анастасія Пазнякова. - Першапачаткова мы планавалі пачаць ланцужок у чэрвені, але ўжо ў сакавіку ўсе рэйсы былі раскуплены, таму мы дадалі яшчэ адзін вылет, на 26 траўня».

Мінімальны кошт пакета на 11 дзён (пералёт, пражыванне і сняданкі) пачынаецца ад 900 еўра на дваіх.

«У Гомелі даволі паспяхова працуе наш рэгіянальны офіс, таму мы даўно думалі запусціць прамы рэйс. Аднак сітуацыя ва Украіне падштурхнула нас зрабіць гэта хутчэй», - адзначыла спецыялістка «Музэнідзіс Трэвел».

З яе слоў, цікавасць да гомельскіх вылетаў праявілі не толькі мясцовыя жыхары, але таксама турысты з Магілёва і бліжэйшых украінскіх і расейскіх гарадоў.

«Попыт на нашы рэгіянальныя туры высокі, таму Гомель цалкам можа стаць альтэрнатывай Кіеву, па меншай меры, для беларускіх турыстаў», - мяркуе Анастасія Пазнякова.

«Белавія» вяртаецца да ўнутраных рэйсаў

11 чэрвеня ў Гомель прыбудзе першы рэйс з Менска, з наступным палётам у Калінінград. «Белавія» запускае ўнутрырэспубліканскія пералёты, і Гомель стане першым пунктам. Рэйсы будуць ажыццяўляцца двойчы на тыдзень - па серадах і суботах, да 3 верасня. Для выканання палётаў будуць выкарыстоўвацца самалёты CRJ-200. Кошт квітка - ад 18 да 59 еўра, адзначылі ў авіякампаніі.

Са слоў намесніка гендырэктара «Белавія» Ігара Чаргінца, такія пералёты пакуль не субсідуюцца з бюджэту.

У канцы 2013 года міністр транспарту і камунікацый Анатоль Сівак даручыў авіякампаніі «Белавія» распрацаваць бізнэс-план стварэння міжрэгіянальных рэйсаў у Беларусі. Ігар Чаргінец адзначыў, што кампанія бізнэс-план падрыхтавала і адправіла на ўзгадненне ў міністэрства. Дэталі дакумента пакуль не абвяшчаюцца, таму пакуль невядома, які яшчэ аэрапорт у Беларусі пасля Гомеля здабудзе новае жыццё.

Нагадаем, што тры гады таму быў ануляваны рэйс «Гомельавія» Менск-Гомель-Калінінград. Чыноўнікі называлі прычынай высокую канкурэнцыю з аўтобуснымі і чыгуначнымі перавозкамі.

Апошнія навіны