Карл Більт сустрэўся з Андрэем Саннікавым
- 22.05.2014, 13:35
Сустрэча прайшла ў Стакгольме.
Кіраўнік МЗС Швецыі сустрэўся ў Стакгольме з лідарам грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», кандыдатам у прэзідэнты на выбарах 2010 года і былым палітвязнем Андрэем Саннікавым.
«Быў рады сустрэцца з беларускім дэмакратам @A_Sannikov падчас візіту ў Стакгольм. Мы працягваем супрацоўніцтва дзеля яго краіны», - напісаў Карл Більт у «Твітэры».
«Размова была досыць прадметная. Я звярнуў увагу міністра на тое, што ў сённяшняй сітуацыі недапушчальна ігнараваць сітуацыю ў Беларусі. Без дапамогі дэмакратычнаму развіццю Беларусі немагчыма будзе вырашыць украінскую сітуацыю.
Сёння існуюць дзве небяспекі: прадставіць Лукашэнку як нейкага апанента Пуціну, чым спрабуюць займацца некаторыя палітыкі Еўропы, і пагадзіцца, што Беларусь знаходзіцца ў сферы ўплыву Расеі. Абодва такіх падыходы прывядуць да знішчэння незалежнасці Беларусі і значна паменшаць шанцы на змяненне сітуацыі дэмакратычным шляхам», - пракаментаваў сустрэчу з кіраўніком МЗС Швецыі сайту charter97.org Андрэй Саннікаў.
Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» размясціў у «Твітэры» фота пасля сустрэчы.