BE RU EN

У Пружанах аблілі саляркай і падпалілі 24-гадовую дзяўчыну

  • 22.05.2014, 13:25

Варварскае забойства, якое ўскалыхнула горад, адбылося ў ціхіх Пружанах.

Як паведамілі газеце «Раённыя будні» ў Следчым камітэце, увечары 16 траўня ў лясным масіве каля вёскі Шубічы мясцовыя жыхары выявілі труп жанчыны з прыкметамі гвалтоўнай смерці. Па дадзеным факце ўзбуджаная крымінальная справа па частцы 1 артыкула 139 КК РБ.

Як распавялі «Салідарнасці» суседзі забітай па пад'ездзе, 24-гадовая Таццяна Аўдзеева працавала афіцыянткай у пружанскім рэстаране і адна выхоўвала маленькую дачку, якая яшчэ ходзіць у дзіцячы садок.

Увечары 15 траўня пасля працы Таццяна не вярнулася дадому. Яе па-ізуверску забілі ў лесе недалёка ад горада. Па неафіцыйнай інфармацыі, выяўленыя прыкметы сэксуальнага акту. Дзяўчына атрымала шматлікія пераломы галавы і тулава. Цела аблілі саляркай і падпалілі. Цэлай засталася толькі адна рука, кажуць суседзі.

21 траўня Таццяну Аўдзееву пахавалі ў закрытай труне.

- Таццяна вельмі прыгожай дзяўчынай была. Вельмі шкада дачку яе. Усім, хто прыйшоў на пахаванне, распавядала, якая прыгожая шкатулка ў іх дома стаіць. У дзеда пыталася ключыкі, каб адкрыць і паглядзець, што там, - распавялі суседзі забітай. - Страшна выходзіць на вуліцу ўвечары пасля такога зверства. Пакуль няма дадзеных, што забойцу знайшлі. Дзе гарантыя, што ён зноў на кагосьці не нападзе?

Апошнія навіны