BE RU EN

Украінскія сілавікі кантралююць 11 з 18 раёнаў Луганшчыны

  • 22.05.2014, 13:22

Мінулай ноччу ўкраінскія сілавікі адбілі серыю тэрарыстычных нападаў, у тым ліку з боку Расейскай Федэрацыі.

Пра гэта паведаміў на брыфінгу сакратар Савета нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Парубій, піша ЛІГАБізнесІнформ.

"Гэтай ноччу была ажыццёўленая серыя тэрарыстычных нападаў на пазіцыі нашых сілавікоў у Данецкай і Луганскай абласцях. Гэтыя напады ажыццяўляліся як з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі з боку Луганска, а таксама з тэрыторыі Луганскай і Данецкай абласцей", - сказаў Парубій.

Ён адзначыў, што ў апошнія тыдні ўкраінскімі сілавікамі арганізаваны пояс стрымлівання, якім адсякаюцца раёны дзеянняў тэрарыстаў і дыверсантаў ад тых раёнаў, якія кантралююцца ўкраінскай уладай.

На сённяшні дзень, па словах Парубія, поўнач Луганскай вобласці да Славянска, а гэта 11 раёнаў, цалкам знаходзяцца пад кантролем украінскай улады. На ўсіх пераездах стаяць блокпосты, мэта якіх - не дапусціць прарыву расейскіх дыверсантаў і тэрарыстаў на поўнач Луганскай вобласці.

Таксама захад і поўдзень Данецкай вобласці агароджаныя ўкраінскімі блокпостамі ад расейскіх дыверсантаў. "Для нас гэта надзвычай важна, каб мы маглі забяспечыць у гэтых рэгіёнах беспраблемнае правядзенне выбараў 25-га чысла", - сказаў ён.

Фота: AP

Апошнія навіны