BE RU EN

Аўтарку «чорных спісаў» беларускіх музыкаў прызначылі намміністра

  • 2.05.2014, 19:10

Намесніцай міністра культуры Беларусі прызначаная Ірына Дрыга.

Чыноўніца доўгі час працавала ў адміністрацыі Лукашэнкі, дзе адказвала за ідэалагічныя моманты. Паводле звестак партала Tuzin.fm Ірына Дрыга апекавалася культурай і мела дачыненне да стварэння «чорных спісаў» і забароны канцэртаў беларускіх музыкаў як у 2004, так і ў 2010 годзе. Сама яна - асоба непублічная і ад камэнтароў ды інтэрв'ю адмаўляецца.

Кажуць, што яна люта ненавідзіць творчасць шэрагу беларускамоўных музыкаў, у прыватнасці Змітра Вайцюшкевіча, на канцэрты якога, зноў жа паводле неафіцыйнай інфармацыі, асабіста накладвала забарону. Сам спявак у камэнтары адзначыў пасля таго, як быў сарваны чарговы ягоны сольны выступ 8 сакавіка 2012 года: «Сумна мне, так хацеў спадзявацца, што наступіць адліга, а тут перашкаджае нейкая Ірына Дрыга... Давядзецца прыняць за дадзенасць і далей сядзець у падзем’і ды патроху рабіць падкоп здолу».

Цяпер Ірыну Дрыгу паводле пастановы правадыра перасунулі з пасады начальніцы ўправы сацыяльна-культурнай палітыкі галоўнай ідэалагічнай управы адміністрацыі Лукашэнкі на пасаду першай намесніцы міністра культуры замест Уладзіміра Карачэўскага.

Апошнія навіны