BE RU EN

ЗША папросяць хаўруснікаў павялічыць выдаткі на абарону

  • 2.05.2014, 18:46

Міністр абароны ЗША Чак Хэйгэл мяркуе, што еўрапейскім чальцам NATO варта павялічыць выдаткі на абарону.

Гэта звязана з падзеямі ва Украіне, паведамляе Reuters.

"Мы павінны дамагчыся абнаўлення абаронных бюджэтаў усіх хаўруснікаў NATO", - цытуе агенцтва заяву, з якой міністр павінен выступіць раніцай у пятніцу ў Цэнтры імя Ўілсана ў Вашынгтоне. Выняткі з ягонай прамовы былі зараней распаўсюджаныя амэрыканскім вайсковым міністэрствам.

У аўторак, 29 красавіка, дзяржсакратар ЗША Джон Кэры таксама заклікаў павысіць вайсковыя выдаткі чальцоў NATO для абароны ад Расеі. Ён назваў падзеі на Украіне "трывожным званком" і адзначыў, што "мы не можам далей дазваляць скарачацца абаронным бюджэтам хаўруснікаў".

ЗША накіроўваюць на абарону больш за 4,1 % свайго БУП, самага вялікага ў свеце, у той час як сярод іншых краін NATO толькі тры (Вялікабрытанія, Эстонія і Грэцыя) выдаткоўваюць на абарону больш за 2% БУП, нагадвае ІТАР-ТАСС.

Апошнія навіны