BE RU EN

Кіраўніку Дзяржкантролю пагражае адстаўка або турма

  • 19.05.2014, 17:48

Арышты гомельскіх чыноўнікаў могуць прывесці да гучных адставак.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю сайту charter97.org выказаў кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Волчак, каментуючы арышт кіраўніцтва Гомельскага аблвыканкама.

- Як вы лічыце, што могуць азначаць затрыманні намеснікаў старшыні Гомельскага аблвыканкама. Куды вядуць «нітачкі»?

- Наша арганізацыя праводзіць маніторынг па карупцыі і мы паміж сабой жартуем, што ў апошні час узбуджаецца столькі крымінальных спраў па карупцыі, што хутка па выніках усіх спраў мы абгонім рост коштаў на харчовыя тавары. Цяпер мы бачым, што гэта ўжо не навіна, а арышты чыноўнікаў сталі для беларусаў штодзённасцю. Усе ўжо ведаюць, што карупцыя ў нас ёсць.

Пакуль выканкамы будуць надзеленыя вялікімі паўнамоцтвамі па размеркаванні бюджэтных грошай, дзяржаўнай уласнасці, там заўсёды будуць парушэнні, паколькі ўсё бескантрольна, усюды кланавасць і сямейнасць. Асабліва ў рэгіёнах. Гэта характэрна не толькі для Гомеля, але і для ўсёй Беларусі.

- Чаму гэта адбываецца менавіта ў Гомелі?

- Ну, вядома, гэта працяг серыі арыштаў: былога мэра Гомеля Піліпца, потым былога начальніка КДБ па Гомельскай вобласці Ляскоўскага. Гэта ўсё адны ніткі. Усе яны замяшаныя ў карупцыі.

- Хто можа быць наступным?

- Ёсць некалькі аспектаў. Першы - гэта спалох Лукашэнкі перад карупцыяй. Украінскія падзеі паказалі, што і ўсход, і поўдзень, і захад Украіны паўсталі не супраць еўраінтэграцыі або Мытнага саюза, а супраць карупцыі. Таму ў Лукашэнкі не застаецца выбару: зразумела, што ён будзе зноў балатавацца ў 2015 годзе, і да гэтага моманту будуць «раскруткі» яшчэ і паболей. Да таго ж, пакуль што былі арышты другараднай важнасці, а зараз пайшлі ўжо высокапастаўленыя асобы.

Значыць, напрошваецца пытанне: чыя гэтая вобласць была? Аляксандра Якабсона (на фота справа). Якабсон цяпер узначальвае ў нас Камітэт дзяржкантролю. Значыць, або яго будуць трымаць на кручку, або яго зрушаць. Але патрэбная нагода, патрэбныя людзі, якія нешта могуць пра яго расказаць.

Вось, напрыклад, прайшоў працэс над былым намеснікам старшыні канцэрна «Белнафтахім». Следчыя на яго ціснулі, каб ён распавёў, для каго «зверху» яны бяруць хабары. Але ён адмовіўся гаварыць. А для чаго арыштоўваюцца намы? Для таго, каб злілі інфармацыю пра начальства. Бо не могуць намеснікі браць, а кіраўнік гомельскага аблвыканкама не ведаць пра гэта.

Зноў праваахоўныя органы б'юць па хвастах карупцыі. Пытанне: дзе яны раней былі? Яны павінны былі паралізаваць гэтую карупцыю яшчэ ў зародку, не дазваляючы ёй вырасці ў магутнае дрэва. А зараз ужо з гэтым складана змагацца. І Лукашэнку нічога не застаецца, акрамя як наступіць на горла больш буйным чыноўнікам. Я думаю, што ў бліжэйшыя паўгода будуць больш цікавыя і больш адкрытыя арышты нашых чыноўнікаў. З кожным годам пачынаюць трапляцца рыбы ўсё буйней. Чакаем наступнай партыі!

Апошнія навіны