BE RU EN

Баранавіцкі суд пастанавіў знішчыць украінскі сцяг

  • 16.05.2014, 10:36

Рашэнне прыняў суддзя Станіслаў Півавар.

Гэта стала вядома пасля таго, як грамадскі актывіст Уладзімір Гундар 15 траўня атрымаў копію пастановы ад 8 траўня за подпісам намесніка старшыні суда Васіля Петрыва. У лісце паказваецца, што паколькі пастанова суда ад 21 сакавіка (суддзя Станіслаў Півавар) адносна адміністрацыйнай справы Уладзіміра Гундара, які арганізаваў 4 сакавіка ў цэнтры Баранавічаў адзіночны пікет супраць вайны Расеі з Украінай, уступіла ў сілу, «рэчавыя доказы: нацыянальны сцяг Украіны і плакат з надпісам «Пуцінскія банд-агрэсары - прэч з Украіны! Прэч з Беларусі!» - знішчыць», піша ПЦ «Вясна».

Падчас пікету, накрыўшы плечы сіне-жоўтым сцягам Украіны і разгарнуўшы каляровы плакат, Уладзімір Гундар прастаяў у цэнтры горада каля 10 хвілін. Суд прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага ч. 2 арт. 23.34 КоАП РБ - арганізацыя і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства і прысудзіў да адміністрацыйнаг штрафу ў памеры 15 базавых велічынь. Суддзя Станіслаў Півавар адмовіўся вярнуць украінскі сцяг і плакат Уладзіміру Гундару, паведаміўшы, што гэтыя рэчавыя доказы па законе павінны застацца ў яго адміністрацыйнай справе.

Але цяпер суд прыйшоў да высновы, што дадзеныя рэчавыя доказы неабходна знішчыць. Далей адзначаецца, што дадзеная пастанова суда абскарджанню і апратэставанню не падлягае.

- Калі мы бралі ўдзел у святкаванні ў Баранавічах 90-й гадавіны БНР 25 сакавіка 2008 года, то ў нас міліцыя канфіскавала пяць бел-чырвона-белых сцягоў, але пасля суда нам іх вярнулі. Мне вельмі сорамна за такое рашэнне гарадскога суда, які абразіў дзяржаўныя сімвалы нашай брацкай Украіны, - пракаментаваў Уладзімір Гундар.

Апошнія навіны