BE RU EN

Рабочым фабрыкі ў Слоніме не плацяць адпускныя

  • 15.05.2014, 11:00

Супрацоўнікаў Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі адправілі ў вымушаныя адпачынкі.

На прадпрыемстве, дзе ў сакавіку павалілася труба мясцовай кацельні, якая забяспечвае цяплом значную частку горада, 21 красавіка адна змена рабочых была адпраўленая ў вымушаны адпачынак. 12 траўня тэрмін адпачынку скончыўся, але людзі да гэтага часу не атрымалі адпускныя, пра што сведчаць званкі ў рэдакцыю «Газеты Слонимской».

«З 21 красавіка нас адправілі ў адпачынак. Такога яшчэ ніколі не было, каб у красавіку выправаджвалі ў адпачынак. Больш за тое, 12 траўня нам ужо выходзіць на працу, а адпускныя мы не атрымалі. Чаму парушаюць нашы правы і інтарэсы, мы ж не просім у іх нічога большага, няхай выплацяць нам тое, што гарантавана заканадаўствам. Са сваёй праблемай мы звярталіся ў аддзел працы і сацыяльнай абароны райвыканкама, але ніхто нам не дапамог. У Працоўным кодэксе напісана, што наймальнік абавязаны выплаціць сярэдні заробак за час працоўнага адпачынку не пазней чым за два дні да пачатку адпачынку. Больш за тое, у нас знасіўся інвентар: вазкі, на якіх возім пражу, хутка разваляцца, тэрмін іх эксплуатацыі даўно мінуў. Мы пра гэта сказалі спецыялісту прадпрыемства, так яна нам адказала, каб мы склаліся і за свае грошы каляскі купілі», - абурана выказваліся людзі.

Каб праясніць сітуацыю, журналісты звярнулася да выконваючай абавязкі дырэктара прадпрыемства Таісіі Лебедзь. Вось як яна пракаментавала сітуацыю:

- Да сыходу ў адпачынак работнікі былі папярэджаныя, што ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася на прадпрыемстве, усе адпускныя будуць выплачаныя разам з заробкам.

- Дык гэта ж з'яўляецца парушэннем працоўнага заканадаўства?

- А што рабіць, дзе нам грошы браць? Вы ж ведаеце, што ў нас труба абвалілася, на яе аднаўленне патрэбныя дадатковыя сродкі. І нам неабходна паспець яе зрабіць да ацяпляльнага сезона. Мы зараз знаходзімся ў такім становішчы: ці нам выдаваць наперад адпускныя, а заробак не выплачваць, ці пакінуць зімой горад без цяпла. Мы не адмаўляемся выплачваць адпускныя, выплацім разам з заработнай платай.

- Канкрэтна калі?

- Па калектыўнай дамове мы абавязаны выплачваць да 25-га чысла кожнага месяца.

Нагадаем, што ў канцы лютага пры атрыманні хабару затрыманы старшыня канцэрна «Беллегпрам» і дырэктар Слонімскай камвольна-прадзільнай фабрыкі. Па крымінальнай справе канфіскавана больш за мільён даляраў, залатыя зліткі, накладзены арышт на элітныя аўтамабілі, некалькі кватэр у Менску, дарагую бытавую і аргтэхніку.

Апошнія навіны