BE RU EN

Намеснік старшыні «Белнафтахіма» прысуджаны да васьмі гадоў калоніі

  • 15.05.2014, 10:46

Суд Маскоўскага раёна Менска вынес прысуд Уладзіміру Волкаву.

Былы намеснік старшыні канцэрна "Белнафтахім" прызнаны вінаватым у атрыманні хабараў. Яму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 8 гадоў з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму, перадае "Інтэрфакс-Захад".

Як заявіла суддзя, Уладзімір Волкаў прызнаны вінаватым "у здзяйсненні злачынства па ч.3 арт.440 Крымінальнага кодэкса Беларусі - у прыняцці службовай асобай для сябе матэрыяльных каштоўнасцяў у асабліва буйным памеры выключна ў сувязі з займаным ім службовым становішчам".

Яна паведаміла, што, акрамя таго, Волкаву прызначаная канфіскацыя маёмасці, ён пазбаўлены права на працягу 5 гадоў займаць пасады, звязаныя з адміністрацыйна-распарадчымі функцыямі.

Таксама суд пастанавіў задаволіць грамадзянскі пазоў пракурора ў памеры $18 тыс. і звярнуць іх у даход дзяржавы, заявіла суддзя.

У адпаведнасці з прысудам, арыштаваная маёмасць былога топ-мэнэджэра канцэрна "Белнафтахім" - дзве кватэры, гараж, швейцарскі гадзіннік, падарункавы набор для сервіроўкі стала, $87 тыс., 550 еўра, 8 тыс.рас.рублёў - звярнуць у даход дзяржавы.

На працягу 10 дзён Волкаў мае права на абскарджванне прысуду.

Як паведаміла абаронца Волкава, "яны будуць абскарджваць прысуд, вынесены сёння".

У кастрычніку 2013 года Следчы камітэт паведаміў пра ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да Волкава па падазрэнні ў атрыманні хабару. Падазраваны быў затрыманы пасля атрымання чарговай часткі хабару ад прадстаўніка адной з юрыдычных асоб за вырашэнне пытання аб узгадненні аб'ёмаў перапрацоўкі спадарожных прадуктаў нафты на прадпрыемствах канцэрна. Яго вінавацілі ў атрыманні хабару ў $19 тыс.

Пазней Лукашэнка паведаміў, што Волкаў затрыманы за хабар пры размеркаванні кантрактаў, а ўслед за ім - "цэлы шлейф яго паплечнікаў" з прыватных структур. У ліку затрыманых у якасці падазраванага быў і бізнесмен Аляксей Алексін, які з'яўляецца заснавальнікам шэрагу прадпрыемстваў, праз якія рэалізоўваліся нафтапрадукты.

Волкаў у канцэрне "Белнафтахім" курыраваў нафтаперапрацоўчую прамысловасць, а таксама пытанні экспарту і імпарту нафтапрадуктаў.

Апошнія навіны