BE RU EN

Актывіст, які выйшаў з турмы: На Акрэсціна 250 апазіцыянераў

  • 15.05.2014, 8:13

Актывісты, якія выйшлі на свабоду, паведамляюць пра сотні арыштаваных перад ЧС.

Пра затрыманне Мікалая Бабушкіна стала вядома толькі пасля яго вызвалення.

Ён распавёў новыя факты пра прэвентыўныя затрыманні актывістаў напярэдадні і падчас чэмпіянату свету па хакеі ў Менску, піша сайт ПЦ «Вясна».

Мікалай Бабушкін распавёў, што быў затрыманы 8 траўня каля рэстарана «Макдональдс» на праспекце Незалежнасці. Супрацоўнікі АМАПа звярнулі ўвагу на ярлык з сімволікай Еўрамайдана. Пры затрыманні актывісту «Моладзі БНФ» не дазволілі паведаміць сваякам па тэлефоне пра тое, што здарылася. Суд адбыўся ў нядзелю, 11 траўня. Як яму патлумачылі супрацоўнікі міліцыі, зараз вельмі шмат затрыманняў, таму суды праходзяць нават у выходныя дні.

Суддзя суда Цэнтральнага раёна Менска Вікторыя Шабуня пакарала актывіста арыштам на 5 сутак за дробнае хуліганства (арт.17.1 КоАП).

Падчас адбыцця пакарання на Акрэсціна Бабушкіна апыталі супрацоўнікі КДБ. Іх цікавіла, ці ведае ён тэхналогіі вырабу выбухоўкі, а таксама мэты яго знаходжання на Еўрамайдане ў Кіеве, дзе студэнт быў некалькі дзён у пачатку сакавіка.

Мікалай Бабушкін таксама распавёў праваабаронцам, што чуў ад іншых арыштаваных актывістаў, што перад чэмпіянатам свету асудзілі значна больш людзей, чым пра гэта вядома праваабаронцам: каля 250 мужчын. Закрыты ўладамі ПЦ «Вясна» паведамляў пра 30 затрыманых.

Як паведаміў Бабушкін, арыштаваных, якіх у гэтым годзе прыцягвалі па артыкуле 17.3 КоАП (распіццё алкагольных напояў у грамадскім месцы або з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап'янення), адразу пасля адбыцця адміністрацыйнага пакарання з Акрэсціна адвозяць у суд і ў той жа дзень накіроўваюць у лячэбна-працоўны прафілакторый (ЛПП).

У Беларусі за кратамі знаходзяцца восем арыштаваных на працяглыя тэрміны палітвязняў, у тым ліку былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі. Акрамя таго, на працягу апошніх двух тыдняў супрацоўнікамі міліцыі былі затрыманыя дзесяткі актывістаў апазіцыі. Праваабаронцы звязваюць арышты з правядзеннем чэмпіянату свету па хакеі ў Менску.

Апошнія навіны