BE RU EN

Расейскага паэта хочуць пасадзіць за верш пра Украіну

  • 14.05.2014, 17:31

Супраць Аляксандра Быўшава адкрытая крымінальная справа аб экстрэмізме за верш у падтрымку цэласнасці Украіны.

Пра гэта паведамляе Каспаров.Ру са спасылкай на самога Быўшава. Па частцы 1 артыкула 282 КК (узбуджэнне нянавісці альбо варожасці) у яе новай рэдакцыі паэту пагражае да чатырох гадоў калоніі.

Жыхару пасёлка Кромы Арлоўскай вобласці Аляксандру Быўшаву ў прысутнасці адваката ўручылі пастанову аб узбуджэнні справы. Паэт не выключае, што ў бліжэйшы час у яго пройдзе ператрус.

Пра магчымасць крымінальнага пераследу паэта раённая газета "Заря" пісала яшчэ 29 сакавіка. Пракурор Кромскага раёна Максім Грышын распавёў, што ў ведамства паступіла ананімная заява па факце публікацыі Быўшавым у інтэрнэце верша "Украінскім патрыётам". Гэты верш паэт апублікаваў 1 сакавіка на сваіх старонках ва "Вконтакте" і "Фэйсбуку". "Матэрыялы праверкі накіраваныя пракуратурай для разгляду ў цэнтр па супрацьдзеянні экстрэмізму УМВД Арлоўскай вобласці", - паведаміў Грышын.

У тым жа нумары "Зари" была апублікаваная нататка пра Быўшава пад назвай "Такім "патрыётам" месца ў Расеі няма!". Тэкст, падпісаны А. Глоціным і С. Котавым, вытрыманы ў традыцыях савецкай разгромнай крытыкі. Каментуючы верш Быўшава "Украіне (З нагоды яе ўступлення ў Еўразвяз)", змешчаны яшчэ 15 лістапада 2013 года ў нікалаеўскай газеце "Новости N", журналісты заявілі: "У неспакойны час, калі знешнія ворагі ашчэрылі свае зубы і стаіліся ў смяротным скачку, знаходзяцца людзі, якія падрываюць Расею знутры, дзейнічаючы, як пятая калона".

Згадваўся і апублікаваны Быўшавым у Сетцы адкрыты ліст, у якім ён прызнаваўся, што яму сорамна за сваю краіну за анэксію Крыма. "У той час, калі па ўсёй краіне праходзяць мітынгі, адпраўляюцца машыны з харчаваннем, збіраюцца сродкі ў падтрымку мірных жыхароў Крыма і іх волевыяўлення ўвайсці ў склад Расейскай Федэрацыі, знаходзяцца людзі, якія па злым намеры або па сваім непаразуменні падрываюць асновы дэмакратыі", - гаварылася ў нататцы.

У сярэдзіне красавіка "Новая газета" перадавала, што пасля выхаду гэтай публікацыі стаўленне жыхароў Кром да Быўшава пагоршылася. "Персанальныя санкцыі супраць мяне ўжо ўвялі: некаторыя знаёмыя не вітаюцца, нават на другі бок вуліцы пераходзяць. У крамах глядзяць коса", - распавёў паэт. Ён таксама паведаміў, што дырэктар пасялковага клуба адмяніў творчы вечар Быўшава, нягледзячы на раней дасягнутыя дамоўленасці.

Быўшаву 42 гады, ён ураджэнец Кром. Пасля заканчэння Арлоўскага педінстытута працуе ў пасялковай школе настаўнікам нямецкай мовы. Аўтар дзвюх кніг вершаў.

Апошнія навіны