BE RU EN

Братоў Шылаў хочуць пасадзіць на суткі

  • 13.05.2014, 10:41

Салігорская міліцыя шукае Івана і Іллю Шылаў, каб пасадзіць у турму на час ЧС па хакеі.

На мінулых выходных сядзібу сям'і Шылаў, вядомых у горадзе сваёй актыўнай грамадска-палітычнай дзейнасцю, наведалі супрацоўнікі салігорскай міліцыі. Прадстаўнікоў так званых праваахоўных органаў цікавіла месцазнаходжанне братоў Івана і Іллі, паведамляе ПЦ «Вясна».

Маці маладафронтаўцаў Святлана Шыла паведаміла мясцовым праваабаронцам, што міліцыянты адкрытым тэкстам агучылі свае намеры - пасадзіць маладых на «суткі». Супрацоўнікі міліцыі нагадалі, што ў Івана Шылы засталіся неадбытыя некалькі дзён адміністратыўнага арышту яшчэ з часоў маўклівых акцый пратэсту.

Інфармацыю пра актыўныя пошукі братоў Шылаў «праваахоўнікамі» пацвярджаюць і іншыя дэмакратычныя актывісты Салігорска, якім напярэдадні адкрыцця Чэмпіянату свету па хакеі давялося пабываць у мясцовым аддзяленні міліцыі. У кожнага з іх людзі ў пагонах распытвалі пра месцазнаходжанне маладафронтаўцаў. Зрэшты, па словах бацькоў, Іван і Ілля зараз знаходзяцца на вучобе ў Польшчы і ў бліжэйшы час наведваць родны Салігорск і садзіцца на суткі не плануюць.

Апошнія навіны