BE RU EN

Данецкія сепаратысты папрасілі Расею аб аншлюсе

  • 12.05.2014, 18:29

Сепаратысты абвясцілі «незалежнасць «Данецкай народнай рэспублікі».

Акрамя таго, апублікаваная інфармацыя аб жаданні ўвайсці ў склад Расейскай Федэрацыі.

Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў панядзелак паведаміў сустаршыня прэзідыума «ўрада Данецкай народнай рэспублікі» Дзяніс Пушылін.

«Мы, народ Данецкай народнай рэспублікі, паводле вынікаў рэферэндуму 11 траўня аб'яўляем, што з гэтага часу Данецкая народная Рэспубліка з'яўляецца суверэннай дзяржавай», - сказаў ён.

Са слоў Пушыліна, Данецкі рэгіён заўсёды быў часткай «расейскага свету», «незалежна ад этнічнай прыналежнасці яго жыхароў», і таму «ўрад ДНР» звярнуўся да Расейскай Федэрацыі з просьбай аб уваходжанні новастворанай рэспублікі ў склад РФ.

«Зыходзячы з волевыяўлення Данецкай народнай рэспублікі, для аднаўлення гістарычнай справядлівасці просім Расейскую Федэрацыю разгледзець пытанне аб уваходжанні ДНР у склад Расейскай федэрацыі», - заявіў Пушылін.

Ён нагадаў, што «Данбас першапачаткова быў часткай Расейскай імперыі. Толькі пасля крывавай катастрофы 1917 года яна апынулася аддзеленай умоўнымі адміністрацыйнымі межамі ад вялікай Расеі. У складзе Украіны мы пражылі большую частку ХХ стагоддзя, але гэта было магчыма ў сілу таго, што сама Украіна была тэрытарыяльным стварэннем адзінай дзяржавы».

Пушылін таксама заявіў, што вышэйшым органам дзяржаўнай улады стане Вярхоўны савет, які фармуе «ўрад Данецкай народнай рэспублікі» і Раду бяспекі.

Нагадаем, нелегітымныя і не прызнаныя ніводнай краінай свету рэферэндумы аб статусе рэгіёнаў, якія арганізуюцца прарасейскімі тэрарыстамі, прайшлі ўчора у Данецкай і Луганскай абласцях Украіны. Паводле інфармацыі з месца падзей, людзі галасавалі па некалькі разоў - за сябе, жонку і суседа. Нават фармальная арганізацыя незаконнага працэсу пакідала жадаць лепшага.

Апошнія навіны