BE RU EN

Лукашэнка просіць Захад не ціснуць на Пуціна

  • 12.05.2014, 12:50

Дыктатар патрабуе не выкарыстоўваць сітуацыю ва Украіне для ціску на Расею.

Пра гэта Лукашэнка заявіў у панядзелак у Менску падчас сустрэчы з сакратаром Савета бяспекі РФ Мікалаем Патрушавым, перадае "Інтэрфакс".

"Захаду не варта выкарыстоўваць Украіну ў якасці фактару ціску на Расею, перш за ўсё. Ды і не толькі на Расею, таму што пагаршэнне сітуацыі ў Расеі, у тым ліку і ў эканоміцы, уплывае на ўсю постсавецкую прастору, - сказаў ён. - Я скажу, Мікалай Платонавіч, з усяго таго, што зараз напісана, сказана вакол, з таго, што нас палохаюць, і вас ужо, галоўнае - гэта тое, каб Украіна засталася Украінай, але не стала базай Паўночнаатлантычнага альянсу ля нашых межаў".

"Мы гэта не ўтойваем. Гэта важна і для Расеі, і для Беларусі", - дадаў ён.

"Ну і, вядома, хацелася б, каб гэты народ, блізкі нам народ, славянскі народ, застаўся з намі, - адзначыў беларускі кіраўнік. - Мы хочам з імі гандляваць, жыць. Культура, мовы - усё падобна. Жылі нармальна, мы хочам і далей так жыць".

Разам з тым ён падкрэсліў, што "гэта - выбар украінскага народа". "Няхай яны наладжваюць сваё жыццё так, як яны лічаць патрэбным. Але каб не стваралі праблем сваім суседзям, гэта галоўнае", - дадаў ён.

У сваю чаргу, Патрушаў паведаміў, што прыехаў у Менск, каб "правесці тут кансультацыі па лініі Саветаў бяспекі, і гэтая сустрэча для мяне важная". "Мы пагаворым пра нашы двухбаковыя стасункі. У нас ніякіх праблем няма", - сказаў ён. "Нам проста трэба дамаўляцца, узгадняць свае планы і потым іх выконваць. Мы так і робім", - адзначыў сакратар Савета бяспекі РФ.

Патрушаў таксама даў высокую ацэнку ўзроўню расейска-беларускага ўзаемадзеяння ў шматбаковых арганізацыях. "Мы вельмі цесна ўзаемадзейнічаем у шматбаковым фармаце, перш за ўсё, у АДКБ. Апошнія сустрэчы былі вельмі актуальнымі", - падкрэсліў ён.

Апошнія навіны