BE RU EN

У Днепрапятроўскай вобласці дадзены загад страляць прыцэльна

  • 1.05.2014, 19:54

Супраць узброеных людзей без апазнавальных знакаў у Днепрапятроўскай вобласці ўжывуць зброю.

Сітуацыя ў Днепрапятроўскай вобласці на сённяшні дзень застаецца стабільнай і спакойнай, і ўсякія правакацыі з боку ўзброеных людзей без апазнавальных знакаў атрымаюць адэкватны адказ.

Пра гэта заявіў першы намеснік кіраўніка Днепрапятроўскай аблдзяржадміністрацыі Генадзій Корбан, словы якога падае журналіст Юры Бутусаў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку".

Корбан зняпраўдзіў інфармацыю аб тым, што быццам расейскія ваеўнікі ўвайшлі ў паселішча Межавая Днепрапятроўскай вобласці.

"Ніякіх сутыкненняў на тэрыторыі Днепрапятроўскай вобласці не адбывалася. Сітуацыя па-ранейшаму застаецца стабільнай і спакойнай. У паселішчы Межавая мела месца сутычка паміж мясцовымі жыхарамі, якая сунялася без умяшання праваахоўных органаў. Ніякіх незаконных узброеных фармаванняў, сцягоў Расейскай федэрацыі альбо іншых сцягоў, акрамя сцягоў Украіны, у Межавой не было і няма", - адзначыў Корбан.

Ён таксама дадаў, што ў мэтах прафілактыкі і праверкі боегатовасці ў Межавую накіраваная група хуткага рэагавання са складу сіл Самаабароны і групы спецвойскаў "Альфа" Днепрапятроўскай СБУ з поўным баявым абсталяваннем.

"Усякія правакацыі атрымаюць неадкладны адпор. У выпадку з'яўлення на тэрыторыі Днепрапятроўскай вобласці ўзброеных людзей без апазнавальных знакаў, спробы напасці на грамадзян Украіны, аддадзены загад камандзірам аператыўных падраздзяленняў распачынаць прыцэльны агонь", - падкрэсліў намеснік кіраўніка Днепрапятроўскай аблдзяржадміністрацыі.

Апошнія навіны