BE RU EN

Новая «культурная палітыка» Расеі: асаблівы шлях і «чыстка» Інтэрнэту

  • 9.04.2014, 19:47

Праект Асноў дзяржаўнай культурнай палітыкі абмяркоўваўся сёння ў Дзярждуме РФ на пасяджэнні Рады культуры.

Дакумент распрацоўваецца ўжо больш за два месяцы групай на чале з кіраўніком адміністрацыі прэзідэнта Сяргеем Івановым. Бліжэйшыя месяцы праект будзе дапрацоўвацца, аднак прамежкавы варыянт будзе прэзэнтаваны для грамадскага абмеркавання цягам аднаго-двух тыдняў, паведамілі ўдзельнікі нарады.

Са слоў намесніка кіраўніка рабочай групы, дарадцы прэзідэнта Уладзіміра Талстога, у аснову праекта «леглі шматлікія выступы Уладзіміра Пуціна за апошнія два гады». Талстой падчас пасяджэння асабліва падкрэсліў, што ўвасабленне пазначаных у праекце задач запатрабуе значных змен у заканадаўстве.

Праект, якi ёсць у распараджэнні РБК, змяшчае 19 старонак і падзелены на пяць частак: уводзіны, мэты, стратэгічныя задачы, прынцыпы і прыярытэты дзяржаўнай культурнай палітыкі і заканчэнне. Ва ўводзінах абвяшчаецца асаблівы шлях развіцця Расеі, гэты выбар «зроблены і народам, і дзяржавай». Аўтары дакумэнта бачаць толькі адну альтэрнатыву для краіны - «пакінуць гістарычную сцэну, раскідаўшыся на мноства частак, распусціўшыся ў фантоме глабальнага свету».

Мэтай сучаснай расейскай дзяржавы і грамадства, сцвярджаюць яны, з'яўляецца «вяртанне моцнай, адзінай, незалежнай ва ўсіх аспэктах Расеі, прыхільнай уласнай, уласцівай толькі ёй мадэлі грамадскага развіцця». Дамагчыся гэтага прапануецца шляхам стварэння асаблівай «сістэмы выхавання і асветы грамадзян», у падмурку якой будуць ляжаць традыцыйныя маральныя вартасці, «грамадзянская адказнасць і патрыятызм».

Аўтары праекта паставілі 11 стратэгічных задач, сярод якіх - прыцягненне дзяцей і моладзі да ўдзелу ў культурных ды іншых калектывах, захаванне спадчыны расейскай культуры і культур усіх народаў Расеі, развіццё і абарона расейскай мовы як дзяржаўнай, падтрымка айчыннай літаратуры. Адной з найважнейшых задач з'яўляецца «аднаўленне зніклай повязі часоў, вяртанне назапашанага мінулымі пакаленнямі гістарычнага і культурнага досведу ў грамадскую свядомасць». Акрамя таго, прапануецца прасоўваць расейскую мову ў інтэрнэце, у тым ліку шляхам «барацьбы супраць яе выціскання дзяржаўнымі мовамі іншых краін ды іншымі мовамі, больш распаўсюджанымі, чым расейская».

Таксама ў праекце гаворыцца аб патрэбе «знайсці дзейсныя формы павышэння якасці зместу ў інтэрнэце». Адным з найважнейшых чыннікаў грамадскага развіцця аўтары называюць «мэдыйна-інфармацыйную пісьменнасць» у варунках, калі «інфармацыйная прастора забруджаная». Са слоў аўтараў, «ўздзеянне на нас гэтых забруджванняў пакуль яшчэ дрэнна ўсведамляецца, але іх ужо можна параўноўваць з забруджваннем паветра, якім мы дыхаем, і вады, якую мы п'ем».

Пад пазначаныя мэты трэба стварыць нейкі «суб'ект, ад імя якога і пры арганізацыйнай ролі якога мяркуецца ажыццявіць рэформы». Гэты суб'ект «павінен валодаць шырокімі правамі міжміністэрскага і міжрэгіянальнага ўзроўню, дастатковымі кадравымі і фінансавымі рэсурсамі».

Камітэт культуры Дзярждумы на працягу месяца ўдакладніць фармулёўкі ў праекце і ўнясе свае папраўкі. На думку дэпутатаў, патрабуе дакладнага вызначэння панятак «традыцыйная культура». «Вядома, што ўсё павінна расці і квітнець - сучасная і традыцыйная культура, але трэба прапісаць паняткі», - патлумачыла намесніца старшыні профільнага камітэта, член фракцыі «Справядлівая Расея» Алена Драпека.

Аб заканадаўчым грунце праекта, які запатрабуе фінансавання з бюджэту, дэпутаты пакуль не бяруцца расказваць. «Цяпер мы рыхтуем палітычны мэмарандум, далей будзем распрацоўваць рамачныя законы і ўжо пад іх прымаць праграмы рэалізацыі, для апошніх, вядома, спатрэбіцца фінансаванне», - заявіла Драпека.

Адзін з ініцыятараў распрацоўкі канцэпцыі дзяржаўнай культурнай палітыкі, Талстой, спадзяецца, што на яе рэалізацыю з бюджэту выдаткуюць 1-2% БУП. «Патрэбная шырокая карэкцыя заканадаўства, у тым ліку ў сфэры адукацыі, - мяркуе дарадца прэзідэнта. - На першым этапе пры разумным пераразмеркаванні сродкаў будзе дастаткова тых сродкаў, што цяпер выдаткоўваюцца на культуру, але для дасягнення пастаўленых мэтаў, мне ўяўляецца, спатрэбіцца дадатковае фінансаванне».

Апошнія навіны