Пададзеная заяўка на правядзенне «Чарнобыльскага шляху»
- 9.04.2014, 12:58
Арганізатары просяць гарадскія ўлады дазволіць збор удзельнікаў шэсця 26 красавіка ў 12.00 каля кінатэатра "Кастрычнік".
Арганізатары "Чарнобыльскага шляху" падалі сёння ў Менгарвыканкам заяўку на правядзенне 26 красавіка вулічнай акцыі "Чарнобыльскі шлях" у сувязі з чарговай гадавінай катастрофы на ЧАЭС.
Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
Паводле яго слоў, пазней будзе пададзеная яшчэ адна заяўка - у Менскі райвыканкам - на правядзенне мітынгу ва ўрочышчы Курапаты.
Нагадаем, у гэтым годзе арганізатары вырашылі змяніць фармат "Чарнобыльскага шляху". Калі раней канчатковым пунктам шэсця быў парк Дружбы Народаў у раёне плошчы Бангалор, то цяпер аргкамітэт плануе правесці шэсце да Курапатаў.
"Мы зыходзім з таго, што сёння стаіць пытанне пра выжыванне беларускай нацыі, што такія найвялікшыя трагедыі, як катастрофа на Чарнобыльскай АЭС і знішчэнне беларусаў у Курапатах, не варта разглядаць паасобку", - так патлумачыў рашэнне аргкамітэта адзін з заяўнікаў акцыі, старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.
Арганізатары просяць гарадскія ўлады дазволіць збор удзельнікаў шляху ў 12.00 каля кінатэатра "Кастрычнік", шэсце па вуліцах Багдана Хмяльніцкага, Якуба Коласа, Лагойскім тракце да ўрочышча Курапаты, дзе ў 15.00 павінен пачацца мітынг.
Мерапрыемства вырашана правесці пад лозунгам абароны Беларусі ад ядзернай небяспекі з боку Расеі. "Гэтая пагроза зыходзіць і ад будаўніцтва па расейскаму праекту АЭС, і ад магчымага размяшчэння ядзернай зброі на расейскіх самалётах, якія знаходзяцца ў Беларусі", - адзначыў Янукевіч.
Сярод заяўнікаў "Чарнобыльскага шляху" - Янукевіч, лідар аргкамітэта па стварэнні грамадскага аб'яднання "Маладыя хрысціянскія дэмакраты" Марына Хоміч, актывіст руху салідарнасці "Разам" (Чэхія) Ілля Дабратвор.
"Чарнобыльскі шлях" - вулічная акцыя, якую беларуская апазіцыя праводзіць штогод з 1988 года ў Менску ў фармаце шэсця, якое завяршаецца мітынгам прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. Выключэнне склаў 2011 год, калі сталічныя ўлады ўпершыню забаранілі шэсце, даўшы дазвол толькі на правядзенне мітынгу.