BE RU EN

Пенсіянеры «Беларуськалію» рыхтуюцца да пратэстаў

  • 9.04.2014, 7:57

Пенсіянеры «Беларуськалію» маюць намер дамагацца паляпшэння жыцця для пажылых людзей.

Яны будуць праводзіць акцыі пратэсту, калі ўлада адмовіцца ад іх прапаноў прыняць меры па змене становішча ў соцыуме пенсіянераў у станоўчы бок. Перш за ўсё, у плане росту іх матэрыяльнага ўзроўню жыцця. Так вырашыў справаздачны сход пенсіянераў Незалежнага прафсаюза гарнякоў ААТ «Беларуськалій», які прайшоў на днях, піша camarade.biz.

У мінулым годзе арганізацыя пенсіянераў НПГ ужо звярталася ва ўрад і да «дэпутата палаты прадстаўнікоў» па Салігорскай акрузе Яўгена Абаленскага - прапаноўвала павысіць пенсіі да ўзроўню 50 адсоткаў ад сярэдняй заработнай платы.

Ніякага станоўчага зруху гэты зварот не выклікаў. У адказ прыйшлі звычайныя адпіскі. Акрамя гэтага, пенсіянерам не дазволілі правесці пікет у Менску супраць падзення ўзроўню жыцця.

Мікалай Новік, у мінулым старшыня НПГ, а сёння аўтарытэтны і актыўны член арганізацыі пенсіянераў, выступаючы на сходзе, падкрэсліў: дзяржаве абыякава, што тыя людзі, якія аддалі вытворчасці сваё здароўе, сілы, многія гады жыцця, сёння матэрыяльна жывуць вельмі бедна, жабруюць.

Рост коштаў у мінулым годзе склаў 53 адсоткі, а пенсіі павялічыліся толькі на 15. І ў гэтым годзе кошты па-ранейшаму скачуць уверх. У чарговы раз першага красавіка адбылося падаражэнне - на мяса, праезд на транспарце.

«Правесці пікет улада пенсіянерам не дазволіла. Трэба выходзіць на акцыі пратэсту без дазволу», - рэзюмаваў ён.

Людзі падтрымалі выступленне экс-лідара НПГ. Сход пастанавіў накіраваць у кампетэнтныя органы прапановы па паляпшэнню жыццёвага ўзроўню пенсіянераў. У выпадку, калі кампетэнтныя органы не дадуць станоўчага адказу, падрыхтаваць акцыі і выйсці на іх.

«Мы, як працаўнікі, так і пенсіянеры занадта пасіўныя, - сказаў Мікалай Новік. - Мала імкнемся палепшыць сваё жыццё. І ад гэтага дзяржава не лічыцца з намі, дазваляе сабе грэбаваць надзённымі патрэбамі людзей. Трэба актыўна, згуртавана, рашуча дамагацца сваіх правоў, годнай зарплаты, пенсіі. Трэба прымусіць уладу паважаць нас. Час зразумець: проста на сподачку з залатой аблямоўкай дзяржава нам нічога добрага не паднясе».

Былы шахцёр, пенсіянер Валерый Гарбацэвіч лічыць, што пенсіі ў дзяржаве занадта малыя, каб забяспечыць людзям годнае жыццё.

«У шахцёраў са шматгадовым стажам - пенсія чатыры - чатыры з хвосцікам мільёна, - кажа ён. - Пры цяперашніх коштах, ды яшчэ, калі чалавеку даводзіцца рэгулярна траціцца на лекі, гэта вельмі сціплае жыццё. А што казаць пра пенсіі тых, хто працаваў на паверхні, або, напрыклад, у бюджэтнай сферы? Яны часцяком вельмі адчувальна ніжэй. Людзі не жывуць, яны выжываюць, абмяжоўваючы сябе да беднага стану ў самым неабходным».

Апошнія навіны