BE RU EN

Расейскі сенатар: Пуцін можа выкарыстоўваць армію на ўсёй тэрыторыі Украіны

  • 8.04.2014, 13:52

Рашэнне аб уводзе войскаў прэзідэнт Расеі можа прыняць у любы момант.

Пра гэта старшыня камітэта Савета Федэрацыі па абароне і бяспецы Віктар Озераў сказаў, адказваючы на пытанне ўласнага карэспандэнта УНІАН.

"Савет Федэрацыі даў згоду прэзідэнту РФ з мэтай забеспячэння бяспекі жыцця людзей на выкарыстанне ўзброеных сіл... Мы гэту пастанову не адмянялі", - нагадаў ён.

Озераў падкрэсліў, што, паводле расейскага заканадаўства, рашэнне аб колькасці сіл і сродкаў, колькасці асабовага складу, узбраенняў і ваеннай тэхнікі, а таксама месцы прымянення вызначае прэзідэнт РФ самастойна.

Адказваючы на пытанне, ці можа прэзідэнт РФ у любы момант увесці войскі на паўднёвы ўсход Украіны Озераў сказаў: "Тэарэтычна, так". Пры гэтым ён запэўніў, што РФ не зацікаўленая ва ўжыванні ваеннай сілы ва Украіне.

Таксама сенатар адзначыў, што 7 красавіка ён каментаваў СМІ пытанне аб уводзе міратворчых сіл, пра што ўчора папрасілі Расею прадстаўнікі сепаратыстаў.

"Што такое міратворчыя сілы? Гэта зводныя сілы ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі дзяржаў, якім прадастаўленае права правядзення міратворчых аперацый. Тады я прывёў прыклад, што калі мы праводзілі міратворчую аперацыю ў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, то гэта было рашэнне кіраўнікоў дзяржаў СНД, узгодненае з Шэварнадзэ, які быў прэзідэнтам Грузіі", - сказаў ён.

Таксама Озераў адзначыў, што ёсць міратворчыя сілы ў рамках ААН, якія ўжываюцца для таго, каб аднавіць ці падтрымаць мір у пэўным рэгіёне для падзелу супрацьлеглых бакоў.

Озераў падкрэсліў, што Расея можа браць удзел у міратворчай аперацыі, толькі калі ёсць міжнароднае афармленне рашэнне Рады бяспекі ААН або, напрыклад, у рамках СНД.

Пры гэтым ён заявіў, што Расея зацікаўленая ў правядзенні канстытуцыйнай рэформы, каб грамадзяне на паўднёвым усходзе Украіны маглі «рэалізаваць тыя выказванні, якія яны выказваюць у той ці іншай форме на тэрыторыі сваіх абласцей, перш за ўсё - павышэння ролі гэтых абласцей у грамадска-палітычным і эканамічным жыцці краіны».

Нагадаем, пасля акупацыі Крыма расейскімі вайскоўцамі нелегітымная ўлада АРК 16 сакавіка правяла незаконны «рэферэндум» і заявіла, што амаль 97% выбаршчыкаў прагаласавалі за далучэнне Крыма да Расеі.

Праз два дні Уладзімір Пуцін і нелегітымныя кіраўнікі крымскай улады і Севастопаля падпісалі дамову паміж РФ і Рэспублікай Крым аб прыняцці ў Расею Крыма і ўтварэнні ў складзе РФ новых суб'ектаў. Яшчэ праз некалькі дзён Савет Федэрацыі Расеі аднагалосна ўхваліў анэксію Крыма.

Практычна ўсе краіны свету не прызналі тэрытарыяльнага падзелу Украіны, асудзіўшы дзеянні Крамля.

Апошнія навіны