BE RU EN

МЗС Украіны: Акупанты пачалі зачысткі ў Крыме

  • 7.04.2014, 19:18

Расейцы пачалі ўжываць практыку пазасудовых распраў у дачыненні да ўкраінскіх вайскоўцаў.

Пра гэта заявіў сёння на брыфінгу дырэктар дэпартамента інфармацыйнай палітыкі МЗС Украіны Яўген Перабійніс.

"Міністэрства замежных спраў не выключае, што расейскай стараной ва ўмовах вайсковай акупацыі і анэксіі часткі суверэннай тэрыторыі Украіны ў Крыме распачатая практыка пазасудовых распраў у дачыненні да ўкраінскіх вайскоўцаў, якія засталіся верныя вайсковай прысязе і адмовіліся перайсці на бок Расеі", - цытуе спікера МЗС карэспандэнт ЛІГАБізнесІнформ.

Пры гэтым у МЗС не выключылі, што забойства аднаго ўкраінскага вайскоўца і выкраданне іншага можа стаць пачаткам практыкі зачыстак, якія выкарыстоўваліся Узброенымі сіламі РФ падчас так званай контртэрарыстычнай аперацыі ў Чачні.

Міністэрства таксама звярнулася да Генеральнай пракуратуры з патрабаваннем знайсці і пакараць вінаватых у забойстве ўкраінскага вайскоўца. Акрамя таго, МЗС падрыхтаваў ноту да Расеі з патрабаваннем правесці супольнае расследаванне. Перабійніс падкрэсліў, што дагэтуль расейскія праваахоўныя органы не выказалі гатоўнасці супрацоўнічаць для правядзення супольнага расследавання.

Нагадаем, раней паведамлялася, што ў нядзелю ўвечары ў Крыме расейскі вайсковец расстраляў украінскага афіцэра, які захаваў вернасць прысязе на вернасць народу Украіны. Міністэрства абароны Украіны пацвердзіла гэтую інфармацыю.

Апошнія навіны