Пагоня пад Гродна: п'яны кіроўца планаваў перасекчы палову краіны
- 7.04.2014, 9:58
Даволі доўга доўжыўся пераслед кіроўцы Volkswagen, які прадпрымаў рэзкія манеўры падчас руху.
Калі мужчыну ўсё ж затрымалі, высветлілася, што ён «спяшаўся да дзяўчынкі», падчас пагоні яшчэ прымудраўся гаварыць з ёй па тэлефоне. Утрыманне алкаголю ў кіроўцы перавысіла дапушчальны ўзровень больш чым у шэсць разоў, паведамляе ДАІ Гродзенскай вобласці.
Спачатку Volkswagen спрабавалі спыніць у Шчучыне. Ужо ў прыгарадзе кіроўца ўрэзаўся ў аўтамабіль ДАІ. Потым паспрабаваў сысці ад пераследу па трасе Менск - Гродна, дзе перавышаў хуткасць, разварочваўся па-за пакладзенага месца, небяспечна манеўраваў.
«У Гродзенскім раёне кіроўца звярнуў з трасы М6 і прадпрымаў далейшыя не менш беспаспяховыя спробы адысці ад пераследу па жвіровых дарогах, працягваючы ствараць рэальныя пагрозы для навакольных. Каля вёскі Мількаўшчына аўтамабіль быў спынены», - гаворыцца ў паведамленні ДАІ.
Як патлумачыў мужчына, яму трэба было дабрацца з Мастоў у Бабруйск, дзе «ў яго дзяўчынка». У дачыненні да парушальніка складзеныя дзевяць пратаколаў.