BE RU EN

Дональд Туск: Еўропа павінна быць рашучай

  • 6.04.2014, 21:18

Старшыня Рады міністраў Польшчы сказаў, што міжнародная супольнасць не можа рабіць выгляд, што ва Украіне нічога не адбылося.

Міжнародная супольнасць не можа рабіць выгляд, што ва Украіне нічога не адбылося і павінна дзейнічаць рашуча. Пра гэта заявіў старшыня Рады міністраў Польшчы Дональд Туск падчас паездкі ў горад Барташыцэ на паўночным усходзе Польшчы ў нядзелю, перадае Укрінформ.

"Польшча спрабуе зрабіць усё магчымае, каб Еўропа і свет не забыліся пра тое, што камусьці цяпер дрэнна... Дыпламатычныя мерапрыемствы павінны дапамагчы, каб чарговыя пастановы не прывялі да наступнай драмы. Але калі трэба, мы павінны быць рашучымі: думаю, што міжнародная супольнасць, Еўропа не могуць рабіць выгляд, што нічога не адбылося (ва Украіне, - рэд.)", - заявіў Туск.

Ён падкрэсліў, што выступае супраць скасавання мясцовага памежнага руху з Калінінградскай вобласцю Расеі праз "імперскія ініцыятывы" ў Расеі.

"Важна паказаць, што стасункі паміж людзьмі, гандлярамі і прадпрымальнікамі не павінны адчуваць эфект землятрусу толькі таму, што хтосьці рэалізуе імперскія ініцыятывы", - адзначыў Туск.

Кіраўнік польскага ўраду адзначыў, што асабіста правяраў інфармацыю, якую распаўсюджвала "расейская прапаганда" што да выпадкаў нібыта "дрэннага стаўлення" да расейцаў у паласе мясцовага памежнага руху з Калінінградскай вобласцю РФ, і інфармацыя не пацвярджалася.

Апошнія навіны