BE RU EN

«Сам сабе рэжысёр» з-пад Пінска перамог на расейскім шоў

  • 5.04.2014, 14:26

Хлопец здзівіў тэлегледачоў відэа, на якім калоў дровы.

14-гадовы Сяргей Прыгодзіч з вёскі Лышчэ Пінскага раёна перамог у праграме «Сам сабе рэжысёр». Цяпер вучань дзявятага класа мясцовай школы на Піншчыне - знакамітасць. А праславіўся хлапчук дзякуючы відэароліку, які паказалі ў вядомай расейскай праграме «Сам сабе рэжысёр». І не проста паказалі - менавіта Сяргей стаў пераможцам у намінацыі «А вам слабо?», піша «Сельская газета».

Відэа, на якім шчупленькі хлапчук імгненна раскалоў пятнаццаць паленаў, уразіла тэлегледачоў.

«У канцы мінулага месяца нам патэлефанавалі і сказалі, што ролік перамог у намінацыі «А вам слабо?». Нас запрасілі ў Маскву, - распавядае Сяргей. - За перамогу падарылі фотаапарат».

Зусім нядаўна сям'я Прыгодзічаў зняла яшчэ адзін ролік для перадачы «Сам сабе рэжысёр». Цяпер у галоўнай ролі малодшы брат Сяргея Ягор. Магчыма, неўзабаве даведаемся і яшчэ аб адной перамогі. У самога ж Сяргея Прыгодзіча ўсе планы зараз звязаныя з вучобай - праз два месяцы першыя экзамены.

Апошнія навіны