BE RU EN

Домрачава - не снайпер

  • 5.04.2014, 13:46

Трохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава заняла трэцяе месца ў мас-старце Гонкі чэмпіёнаў, якая праходзіць у суботу ў Маскве.

Перамогу атрымала французская біятланістка Мары Доран-Абер, паведамляе «Інтэрфакс».

Самой гонцы з масавага старту папярэднічала «Шоў снайпераў», у якім спартоўцы спаборнічалі ў трапнасці - чатыры серыі па пяць стрэлаў з палажэнняў «лежачы» і «стоячы».

Беларуска заняла 9-е месца з 10. Першае месца заняла расейка Вольга Вілухіна. У мужчын лепшым снайперам стаў Антон Шыпулін.

Вынікі «Шоў снайпераў» былі важныя з пункту гледжання расстаноўкі на старце, улічваючы, што спартоўкі былі выстаўленыя па дзве. У выніку Домрачава апынулася ў апошняй, пятай лініі.

Зрэшты, ужо пасля першага кругу Домрачава ўзначальвала гонку. Праўда, пасля агнявых рубяжоў беларуска прапускала наперад больш хуткастрэльных саперніц, аднак затым абыходзіла іх на трасе. Не абышлося і без пудлаў - Дар'я не пацэліла па разу на кожнай са стоек.

У выніку на апошні круг яна пайшла толькі пятай. За некалькі сотняў метраў Домрачава здолела абыйсці Вольгу Вілухіну і ўладальніцу Кубка свету Кайсу Макарайнен з Фінляндыі. Пераможцы Мары Доран-Абер, якая страляла без пудлаў, Даша саступіла крыху больш шасці секунд, Торы Бергер - тры секунды.

Крыху пазней у рамках Гонкі чэмпіёнаў адбудзецца эстафета ў фармаце «1+1». Дар'я Домрачава таксама возьме ў ёй удзел.

«Гонка чэмпіёнаў» - біятлоннае шоў у Маскве, для удзелу ў якім запрошаны па 10 лепшых біятланістаў і біятланістак паводле вынікаў сезона.

Апошнія навіны