BE RU EN

Лукашэнка гатовы «папрацаваць» за Расею ва Украіне

  • 4.04.2014, 11:58

Кіраўнік прызнаўся, што не робіць ні кроку без узгаднення з Масквой.

«Але запомніце: што б я ні рабіў цяпер, размаўляючы з Украінай, Захадам, Усходам і гэтак далей, калі мы кажам пра Расею, то я ніводнага кроку не раблю без узгаднення з кіраўніцтвам Расейскай Федэрацыі», - заявіў Лукашэнка ў пятніцу ў Менску, сустракаючыся з губернатарам Калужскай вобласці Анатолем Артамонавым, піша «Інтэрфакс».

Па словах беларускага дыктатара, у сувязі з «апошнімі падзеямі вакол Расеі і Беларусі» з'явілася шмат здагадак і інсінуацый.

«Апошнія здагадкі, што нібыта Лукашэнка спрабуе выкарыстаць праблемы, якія ўзніклі ў Расеі, на сваю карысць», - растлумачыў ён.

«Даю на гэтае пытанне просты і выразны адказ: калі трэба будзе Расеі, каб мы за яе працавалі ва Украіне, то мы гэта будзем рабіць, калі трэба будзе Расеі, каб мы ехалі за трыдзевяць зямель і карысць ёй прыносілі, мы гэта будзем рабіць», - падкрэсліў Лукашэнка. «Таму што гэта: а) у інтарэсах нашага роднага брата, б) гэта ў інтарэсах Беларусі, гэта не супярэчыць нашым інтарэсам», - растлумачыў ён.

У той жа час ён заўважыў, што «ідыётам быў бы той, хто не выкарыстоўвае нейкія магчымасці».

Нагадаем, на працягу апошніх месяцаў на тэрыторыі Беларусі прайшлі некалькі сумесных з Расеяй ваенных вучэнняў. Частка з іх адбылася каля межаў Украіны. Акрамя таго, Лукашэнка афіцыйна прызнаў акупацыю Крыма.

Апошнія навіны