BE RU EN

Жыхара Гародні ледзь не забілі праз 20 тысяч рублёў

  • 30.04.2014, 18:58

Выправа ў гульнявы клуб у Гародні ледзь не сталася астатняй для мясцовага жыхара.

Пра гэта піша прэс-служба УУС Гарадзенскага аблвыканкама.

«Уначы каля гульнявой установы да яго падышоў невядомы з просьбай даць яму грошай (гаворка ішла пра суму ў дваццаць тысяч беларускіх рублёў). На гэтай глебе паміж маладымі людзьмі здарыўся канфлікт, падчас якога незнаёмы дастаў з кішэні кухонны нож, якім ткнуў свайго апанента ў грудзі. Пацярпелага неадкладна даставілі ў лякарню, дзе яго прааперавалі», - гаворыцца ў паведамленні.

Вышукнікі крымінальнага вышуку Ленінскага райаддзела міліцыі здолелі выйсці на след падазраванага. Падчас ажыццяўлення аперацыйна-вышуковых дзеянняў яго затрымалі ў доме ў сваякоў, дзе ён хаваўся. Свой учынак хлопец патлумачыў тым, што быў п'яны.

Крымінальная справа распачатая паводле ч.1 ст.147 КК РБ «Наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання».

Апошнія навіны